За абразу Лукашэнкі ў Гродне да двух гадоў "хіміі" асудзілі мінчука
У судзе Ленінскага раёна Гродна 30 кастрычніка вынесены прысуд жыхару Мінска Вячаславу Чарнецкаму, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Наталля Козел.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што мужчыну затрымалі напрыканцы ліпеня ў Гродне, калі ён летам вяртаўся з-за мяжы ў Беларусь і што ён нібыта напісаў каля 1000 каментароў у “экстрэмісцкіх” каналах і чатах.
Вячаслаў Чарнецкі – жыхар Мінска, жанаты, захапляўся пейнтболам. Паведамляецца, што сілавікі змаглі адшукаць Чарнецкага, паколькі ён падпісаў свой акаўнт у тэлеграм сапраўдным імем і прозвішчам.
Па матэрыялах абвінавачання, Вячаслаў змясціў каментары ў ТГ канале “Рэальная Беларусь”. Як устанавіла экспертыза, “у тэксце каментароў маецца негатыўная ацэначная моўная адзінка, якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання на адрас Лукашэнкі і прэзідэнта Расійскай Федэрацыі”.
Суд прызначыў Чарнецкаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.