viasna on patreon

Хуткі дапаможнік, ці Што рабіць пры ператрусе, затрыманні і допыце

2024 2024-11-05T15:57:49+0300 2024-11-06T10:52:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mova_404_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пачатак сёмай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ўжо адзначыўся масавымі затрыманнямі па ўсёй Беларусі. Усё паказвае на тое, што рэпрэсіі не толькі не будуць трываць такога ж узроўня, а нават узмацняцца бліжэй да выбараў. Сілавікі могуць прыйсці да любога, хто праяўляў хоць нейкую палітычную актыўнасць гэтыя гады: удзел у Маршах і чатах, каментары, подпісы за апазіцыйных кандыдатаў і іншае. З Юрыдычнай службай "Вясны" падрыхтавалі Хуткі дапаможнік, дзе сабралі асноўнае, што трэба ведаць пра ператрус, затрыманне і допыт. Атрымаць юрыдычную кансультацыю можна тут @ViasnaSOS.

Ілюстрацыя

Як падрыхтавацца да затрымання?

Трэба разумець, што часам рэпрэсіі не маюць логікі, таму пад чарговую зачыстку ГУБАЗіКа ці КДБ можаш патрапіць і ты, хоць табе і здавалася, што на тое няма падставаў. Калі ёсць хоць маленькая рызыка затрымання (напрыклад, ты ўдзельніча_ла у акцыях пратэсту ці на дваравых чаепіццях, бы_ла ў паслявыбарчых чатах, назіра_ла (нават акрэдытавана!) за выбарамі, данаці_ла, дава_ла інтэрв’ю), то вельмі раім загаддзя падрыхтавацца да такога варыянта. Падрыхтоўка “да горшага”, можа значна дапамагчы табе ў выпадку, калі гэта ўсё ж здарыцца.

  1. "Прыбяры" хату на выпадак прыходу нечаканых "гасцёў". Прасачы, каб дома не захоўвалася нацыянальная сімволіка, кнігі, прызнаныя “экстрэмісцкімі”, фотаздымкі і паштоўкі, лісты палітвязняў і іншае, што можа зацікавіць сілавікоў і прыцягнуць большую ўвагу да тваёй грамадзянскай актыўнасці;
  2. "Пачысці" тэхніку: кампутары, тэлефоны, флэшкі на фотаздымкі з акцый пратэсту, “экстрэмісцкія” падпіскі, чат-боты, перапіскі і іншае, што можна неяк скампраметаваць цябе ці тваіх знаёмых (нават, калі яны выехалі з Беларусі);
  3. Заключы дамову з адвакатам (знайсці адваката можна тут https://brka.by/lawyers/);
  4. Пакінь блізкім інструкцыю на выпадак затрымання (напрыклад, па перадачах, па дагляду за хатнімі жывёламі, па аплаце камунальных паслуг);
  5. Падрыхтуй “трывожны чэмаданчык” на выпадак затрымання, каб у цябе, напрыклад, была тэрмабялізна, цёплыя шкарпэткі і зручны абутак без матузкоў. Канешне, цалкам верагодна, што супраоцоўнікі альбо дадуць мала часу на зборы, альбо ўвогуле не будуць чакаць, але шмат каму такія падрыхтоўчыя захады вельмі дапамагалі на “сутках”;
  6. У тэлефоне ўстанаві налады кнопкі SOS. Загаддзя дамоўcя з кімсьці, што ў выпадку затрымання, ты можаш даслаць ім нейкае паведамленне, каб яны зразумелі, што цябе затрымалі. Нягледзячы на тое, што ў цябе ёсць права паведаміць пра затрыманне блізкім, супрацоўнікі часта ігнаруюць такую просьбу, таму лепш паклапаціцца пра гэта загаддзя. Такім чынам, у твайго блізкага будзе магчымасць звязацца з праваабаронцамі і паведаміць пра затрыманне (у тым ліку, на ананімных умовах і без далейшага апублічвання), а таксама знайсці адваката, паклапаціцца пра далейшыя крокі тваёй абароны звонку. 
  7. Калі ты знаходзішся за мяжой, то яшчэ раз ацані рызыкі сваёй небяспекі па вяртанні ў Беларусь. Разумеем, на Раство і навагоднія святы хочацца наведаць сваякоў, але, павер, ты сапсуеш іх сваім блізкім, калі апынешся за кратамі.

Што рабіць, калі да цябе прыйшлі з ператрусам?

Па-першае, як бы гэта не гучала, трэба пастарацца супакоіцца і зразумець, што ў гэтай сітуацыі толькі ты сабе зможаш дапамагчы. Сітуацыю ўжо не змяніць, а вось пастарацца паўплываць на сваю будучыню можна. Вось асноўныя моманты, на якія трэба звярнуць увагу.

  • Пастарайся паведаміць пра ператрус сваім блізкім. Ты можаш запатрабаваць праводзіць ператрус з удзелам свайго адваката (арт. 45 КПК). Калі адвакат можа прыбыць у бліжэйшы час, то следчы абавязаны яго дачакацца.
  • Ты маеш права не адказваць на пытанні следчага падчас ператрусу, паколькі гэта не допыт. У цэлым, прэзумпцыя невінаватасці (арт. 27 Канстытуцыі) дае табе права не паведамляць падчас следчых дзеянняў інфармацыю, якая на тваю думку можа нашкодзіць табе ці тваім блізкім. Да такой інфармацыі могуць адносіцца і паролі ад вашых гаджэтаў.
  • Калі цябе просяць разблакаваць тэлефон, то маеш поўнае права ад гэтага адмовіцца. У выпадку ператрусу, у цябе могуць адключыць тэлефон, аднак гэта павінна быць адлюстравана ў пратаколе, копію якога табе абавязаны прадаставіць. Пры гэтым, тэлефон павінен быць спакаваны і апячатаны. 
  • Для правядзення ператрусу следчы павінен вынесці пастанову аб яго правядзенні, дзе напісана, па якім адрасе ён будзе праводзіцца, у дачыненні да якой асобы ён праводзіцца, па якой крымінальнай справе. Пастарайся запомніць артыкулы, паводле якіх да цябе прыйшлі з ператрусам. На пастанове абавязкова павінна быць санкцыя пракурора — дазвол на правядзенне ператрусу.
  • З самага пачатку ператрусу павінен весціся пратакол. Гэта вельмі важны дакумент. Службовыя асобы, якія прысутнічаюць пры правядзенні ператрусу разам са следчым, павінны быць указаныя ў пратаколе.
  • Пратакол ператрусу павінен быць прад'яўлены для азнаямлення і подпісу ўсім, хто ўдзельнічае ў ім. У час азнаямлення з пратаколам можна ўнесці заўвагі і засведчыць іх сваім подпісам. Усе прадметы, што адбіраюцца ў час ператрусу, павінны быць пералічаныя альбо ў пратаколе ператрусу, альбо ў асобным пратаколе. Правярай, каб усе рэчы, якія вымаюць у цябе былі адлюстраваныя ў пратаколе (асабліва грошы і тэхніка, якая часам “знікае” пры ператрусах).
  • Ператрус павінен праводзіцца ў прысутнасці панятых. Панятых павінна быць мінімум два чалавекі і гэта мусяць быць незацікаўленыя асобы. Іх задача — назіраць, як праводзіцца ператрус. Часта супрацоўнікі прывозяць на ператрусы сваіх панятых. Таму калі дакладна ведаеш, што панятыя — гэта супрацоўнікі міліцыі ці іншыя зацікаўленыя асобы, можаш заявіць адвод панятым і пазначыць гэта ў пратаколе ператрусу перад сваім подпісам. Сябруй з суседзямі і прасі іх быць панятымі на выпадак ператрусу.

Ператрус: што важна ведаць

Праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадвае, што трэба ведаць пра ператрус.

Якія асноўныя правы варта ведаць пры затрыманні?

  1. Права не сведчыць супраць сябе (артыкул 27 Канстытуцыі). Тое, што рэальна дапамагае пры пераследзе не даваць паказанні на сябе. Любыя моманты, калі супрацоўнік_ца патрабуе ад цябе прызнацца ў чымсьці, задае пытанні пра тое, што ты (не) рабі_ла, ведай, што цалкам законна не адказваць на такія пытанні. Але памятай і пра тое, што супрацоўнікі да гэтага часу выкарыстоўваюць катаванні і збіванні, каб атрымаць патрэбную інфармацыю. Таму ўлічвай абстаноўку і накал супрацоўнікаў, і на пытанне можаш адказваць, што нешта не памятаеш. А потым, калі будзе час, падумаць над лініяй сваёй абароны.
  2. Ведаць свае правы. Пры затрыманні цябе абавязаны азнаёміць з тваімі правамі такім чынам, каб ты іх зразуме_ла. Часам гэта выконваецца і ты мусіш пра гэта ведаць. Можаш паспрабаваць узяць дастатковы час на тое, каб дэталёва азнаёміцца з імі. 
  3. Ведаць прычыну затрымання. Спрабуй дазнацца, у чым цябе падазраюць ці абвінавачваюць, каб выстройваць лінію абароны, у тым ліку са сваім адвакатам.
  4. Паведаміць пра затрыманне блізкім цягам трох гадзін. Ты не можаш патрабаваць патэлефанаваць асабіста, але калі табе гэта дазволяць, гэта не будзе парушэннем. Міліцыя, як і КДБ, абавязаны па тваім запыце паведаміць тваім блізкім, што цябе затрымалі.  
  5. Уносіць свае праўкі ў пратаколы. Менавіта ўнесеныя праўкі ў пратакол, могуць засведчыць парушэнні, з якімі ты сутыкну_лася пры затрыманні, і якія могуць патрапіцца іншым супрацоўнікам, вышэйстаячымі інстанцыям ці суду ў выпадку абскарджвання і перарагляду справы.
  6. Калі няма афіцыйнага допыту, ты маеш права не адказваць на пытанні, як і ўвогуле не адказваць на пытанні, якія з’яўляюцца сведчаннямі супраць цябе. Памятай, што рознага кшалту размовы, аператыўныя гутаркі, “пакаяльныя відэа”, інтэрв’ю прапагандыстам гэта не допыты.
  7. На асабісты вобшук праваахоўнік мусіць мець пастанову. Калі яе няма, то гэта незаконны вобшук. Пры вобшуку мусяць быць як мінімум двое панятых. Калі табе прыпісалі нешта, чаго ў цябе не знайшлі, абавязкова пазнач гэта ў пратаколе вобшуку. Гэты дакумент захаваецца ў тваёй справе і будзе зачытаны на судзе, а потым будзе захоўвацца ў архіве.

Калі ты стаў сведкай затрымання або затрымалі твайго блізка, паведамі пра гэта на Гарачую лінію “Вясны”.

Як сябе паводзіць на допыце і што трэба ведаць?

  • На допыт па агульнам правілу мусяць выклікаць позвай, якая мусіць быць уручаная пад подпіс асабіста чалавеку, якога выклікаюць ці паўналетнім сужыцелям альбо адпраўленая заказным лістом. Але заканадаўства дазваляе следчаму выклікаць на допыт і “з выкарыстаннем іншых відаў сувязі": па тэлефоне, смс-кай, па вайберу.
  • Калі тэлефануюць, то спытай, хто табе тэлефануе, запішы імя і прозвішча супрацоўні_цы і пасаду. Часам тэлефануюць са схаванага нумара або нумара, які не зарэгістраваны ў публічных кантактах органаў. Уся інфармацыя, якая павінна быць у позве, павінна быць прагаворана і па тэлефоне. Можна сумнявацца, што гэта сапраўды супрацоўнік з органаў: паведамі пра гэта, папрасі адправіць позву. А лепш, вядома, не падымаць трубку па невядомых і схаваным нумарах.
  • Допыт павінен праводзіцца ў прысутнасці адваката. Пры допыце непаўналетніх падазраванага або абвінавачанага абавязкова ўдзел педагога або псіхолага.
  • Перад пачаткам допыту табе абавязаны растлумачыць правы і абавязкі.
  • На працягу ўсяго допыту павінен весціся пратакол. Усе пытанні следчага і адказы дапытваемага павінны быць унесеныя ў пратакол — сачы за гэтым. Трэба падпісаць кожную старонку пратаколу допыту і ўнесці ўсе заўвагі і парушэнні падчас гэтага следчага дзеяння. Подпіс падцвярджае азнаямленне з пратаколам і абцяжарвае яго далейшае выпраўленне. 
  • Калі не згаджаешся са зместам пратаколу – пакінь пра гэта тлумачэнне. Калі ты не згаджаешся з тым, што напісаў у пратаколе супрацоўнік, які праводзіць допыт, знайдзі адпаведны пункт і напішы, з чым менавіта не згаджаешся і як было па тваёй версіі. Не хапае месца – прасі ліст паперы, нумаруй яго і пішы там.
  • Допыт можа быць запісаны на відэа. На жаль, адмовіцца ад гэтага нельга. Як паказвае практыка, потым гэтыя відэа могуць быць выкарыстаны ў прапагандысцкіх фільмах.
  • Без перапынку допыт можа доўжыцца да чатырох гадзін. Перапынак павінен быць не менш за адну гадзіну. Агульная працягласць за дзень не павінна перавышаць 8 гадзін. Допыт непаўналетніх падазраванага або абвінавачанага не можа працягвацца без перапынку больш за дзве гадзіны, а ў агульнай складанасці – больш за чатыры гадзіны ў дзень.
  • Не давай паказанняў, якія могуць нашкодзіць табе ці тваім блізкім. Яшчэ раз нагадваем пра артыкул 27 Канстытуцыі: ніхто не павінен прымушацца да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Канешне, часам зусім сысці ў адмову і нічога не казаць эмацыйна складана, таму падрыхтуйся даваць мінімум інфармацыі.
  • Адказвай на пытанні прама, коратка, аднаскладовымі сказамі. Даваць паказанні "па легендзе" для мозгу ў стрэсавай сітуацыі вельмі складана, можна хутка заблытацца. Памятай пра гэта. Ты заўсёды можаш нешта не памятаць, тым больш у стрэсе – і пра гэта можна прама казаць.
  • Найбольш частая стратэгія атрымання кампраметуючай інфармацыі – апытанне сведкі, які ў адрозненне ад падазраванага можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, калі ён адмаўляецца ад дачы паказанняў. Як правіла, па такой схеме сведка ў наступным становіцца падазраваным.

Што рабіць, калі вас выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе?

Юрысткі і юрысты "Вясны" падрыхтавалі памятку для сведкі па крымінальнай справе, якога выклікаюць на допыт.

  • Пазбягай любых нефармальных размоў з супрацоўнікамі, бо ўсё сказанае табой будзе выкарыстана супраць цябе. А ты пра гэта можаш нават і не здагадвацца.

Ці маеш права на адвакацкую дапамогу?

Безумоўна. Кожны і кожная мае права на юрыдычную дапамогу. Гэта канстытуцыйнае права. Памятай пра гэта. Калі ў цябе ёсць адвакат, то ты маеш права карыстацца яго дапамогай у любы момант. Таму на пачатку нашага гайда мы вельмі раілі загаддзя заключыць дамову з адвакатам.

Акрамя таго, абвінавачанаму або падазраванаму аказваюць юрыдычную дапамогу адвакаты за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Аднак гэтая дапамога распаўсюджваецца толькі на кансультацыі да пачатку першага допыту. У падазраванага гэта права ўзнікае ў выпадку затрымання або прымянення меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, а ў абвінавачанага – у выпадку прымянення меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 

Што рабіць, калі цябе затрымліваюць паводле крымінальнай справы? 

Да прад’яўлення афіцыйнага абвінавачвання ты маеш статус падазраванага. Важна звяртаць увагу на час фактычнага затрымання, паколькі ўсе тэрміны пачынаюць ісці менавіта з гэтага моманту.

Падазраванага могуць утрымліваць: 

  1. Да 72 гадзін.
    Гэта агульнае правіла. 
  2. Да 10 сутак.
    На такі тэрмін могуць утрымліваць чалавека ў статусе падазраванага, калі да яго ўжываецца мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Беларускія следчыя на практыцы кіруюцца гэтага тэрміна.
  3. Да 20 сутак (у сувязі з новымі зменамі).
    Так доўга могуць утрымліваць падазраванага толькі ў тым выпадку, калі яго справа падпадае пад:
  • арт. 293 КК «Масавыя беспарадкі»;
  • арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»;
  • ч. 3 арт. 357 КК «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»;
  • і ў іншых выпадках, пазначаных у частках 4 і 5 арт. 108 КПК.

Артыкул 41 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса вызначае поўны пералік правоў і абавязкаў падазраванага. Правы падказваюць, што рабіць:

  1. Знайсці адваката.
    Лепш знайсці сабе абаронцу як мага раней. У выпадку затрымання ці заключэння пад варту, калі ў цябе няма свайго адваката, табе абавязаны яго прадаставіць. Звычайна следства прадстаўляе адваката не адразу і не ахвотна. Таму, калі ў цябе будзе загадзя заключаная дамова з абаронцам, то намаганні па вызваленні можа прыкласці і ён. У цябе можа быць некалькі абаронцаў. З адвакатам ты маеш права размаўляць бесперашкодна і канфідэнцыйна. 
  2. Узяць копіі ўсіх дакументаў.
    Табе не могуць у гэтым адмовіць, бо ў цябе ёсць права ведаць, у чым цябе абвінавачваюць, і права атрымаць копію пастановы. Гэта тычыцца таксама і ўсіх іншых дакументаў, напрыклад, пастановы аб ужыванні меры стрымання і затрыманні.
  3. Вырашаць самастойна, даваць паказанні ці не.
    Так, ты можаш адмовіцца ад дачы паказанняў і не размаўляць з супрацоўнікамі зусім. Патрэбна заўсёды трымаць у галаве права, гарантаванае арт. 27 Канстытуцыі і арт. 41 КПК — права не сведчыць супраць сябе. Гэта тычыцца любых размоў — ад гутарак і допытаў да паказанняў у судзе.
  4. Актыўна абараняць сябе. Права на абарону — гэта самае галоўнае права. Абавязак супрацоўнікаў — забяспечыць табе рэалізацыю гэтага права ўсімі законнымі сродкамі і спосабамі. Канешне, у цяперашніх умовах гэтаму ўсяляк перашкаджаюць, але варта спрабаваць. Права на абарону азначае, што ў цябе ёсць такія правы, як прадстаўляць доказы сваёй невінаватасці, заяўляць адводы і хадайніцтвы следству, знаёміцца з усімі дакументамі. Не згаджацца з любымі незаконнымі дзеяннямі супрацоўнікаў і заносіць свае заўвагі ў пратаколы. Патрабаваць унясення ў пратаколы тых акалічнасцей, якія лічыш важнымі. Падаваць скаргі і адклікаць іх.
  5. Выйсці на сувязь з блізкімі ў выпадку затрымання. Калі цябе затрымаюць ці заключаць пад варту, ты маеш права праз супрацоўнікаў патэлефанаваць блізкім і паведаміць аб месцы ўтрымання пад вартай

Што рабіць, калі да цябе прымянілі грубую фізічную сілу? 

Варта ўсё дакументаваць, каб гэта зафіксаваць у матэрыялах справы і ў далейшым расследваць. Юрыдычная служба адзначае, што калі гэта здарылася, трэба сабраць як мага больш доказаў для далейшага разбору: калі гэта хтосьці бачыла_а або был_а затрыман_а разам з табой, даведайся імя, прозвішча гэтага чалавека, нумар тэлефона. Звяжыся з ім/ёй потым і прасі быць сведка_м.

Пасля дастаўлення ў аддзяленне адразу паведамі пра гэта дзяжурнаму або супрацоўніку міліцыі, які цябе апытвае. Прасі ўсё фіксаваць у пратаколе альбо зрабі гэта самастойна ў графе заўваг. Папрасі даць накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу. 

Папрасі таксама даць паперу і ручку для складання скаргі пракурору. Скаргу перадай дзяжурнаму, каб ён яе зарэгістраваў і накіраваў пракурору. Калі цябе затрымаюць да суда ў ЦІП або ІЧУ, паведамі супрацоўніку дадзенай установы аб тым, што ў цябе ёсць пабоі, запатрабуй іх зафіксаваць. Калі трэба, патрабуй выклікаць хуткую. Паўтарай сваю просьбу, калі яе не задаволяць адразу. Калі хуткая прыедзе, неабходна, каб цябе забралі для абследавання. А там ужо ўсё падрабязна распавядай.

Пасля ты зможаш задакументаваць злачынствы з боку прадстаўнікоў улады па кантакту ў тэлеграме @Viasnadoc ці самастойна, дзякуючы "Практычнаму дапаможніку для пацярпелых".

Атрымаць юрыдычную кансультацыю можна тут: @ViasnaSOS.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства