viasna on patreon

Затрыманні, "суткі", завочная крымінальная справа: хроніка палітычнага пераследу 12-13 лістапада Дапоўнена

2023 2023-11-13T13:47:45+0300 2023-11-13T16:39:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bypol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

13 лістапада

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які нібыта зліваў даныя ЧКБ

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што працаваў у агенцтве нерухомасці і нібыта дапамагаў даведвацца прозвішчы і адрасы дзяржслужачых — гэтыя даныя ён дасылаў у Чорную кнігу Беларусі.


Аляксандра Вайцешыка арыштавалі на 15 сутак

Аляксандр Вайцешык

Па інфармацыі берасцейскай "Вясны", праваабаронца Аляксандр Вайцешык арыштаваны на 15 сутак. Такое рашэнне вынесла ў пятніцу баранавіцкая суддзя Ірына Паўлоўская.

Вядома, што Вайцешыка затрымалі каля пад'езда свайго дома. Затрымалі яго сілавым метадам. Падчас вобшуку вынялі ноўтбук і тэлефон. Па рашэнню суда, гэтыя тэхнічныя прылады канфіскаваны.

Нагадаем, 9 лістапада ў Баранавічах затрымалі не менш за 10 чалавек, пра што паведамляў актывіст Юрый Казакевіч са спасылкай на мясцовых жыхароў.


«Завочную» крымінальную справу ў дачыненні да стваральнікаў і ўдзельнікаў BYPOL перадалі ў суд

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончана папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да прадстаўнікоў і экс-удзельнікаў арганізацыі BYPOL з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план "Перамога"».

Абвінавачаным інкрымінавана 11 артыкулаў крымінальнага кодэксу:

  • арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • арт. 361 (публічныя заклікі да здрады дзяржаве і здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем, у тым ліку паўторна); арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • арт. 289 (арганізацыя (кіраўніцтва) акта тэрарызму);
  • арт. 309 (арганізацыя (кіраўніцтва) наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць шляхоў зносін);
  • арт. 357 (іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
  • арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных);
  • арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы);
  • арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);
  • арт. 368 (абразы Лукашэнкі)
  • арт. 369 (абразы прадстаўнікоў улады);
  • арт. 188 (паклёп).

Паведамляецца, што крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.


ГУБАЗіК затрымаў двух маладзёнаў

Студэнта гістфаку БДУ і ягоную дзяўчыну дзяўчыну затрымалі, бо яны абменьваліся «экстрэмісцкімі» навінамі. «Пакаяльнае відэа» з імі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.


12 лістапада

Затрыманні на Гродзеншчыне працягваюцца — гэтым разам у Лідзе

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць аб затрыманнях на Лідскім заводзе электравырабаў. Меркаваная прычына арыштаў — распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП).

Нагадаем, днямі затрыманні адбыліся ў Ваўкавыску, Шчучыне, Гродне, Навагрудку, а таксама гарадскім пасёлку Мір.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства