viasna on patreon

Агляд навінаў палітвязняў з 17 па 27 лістапада

2023 2023-11-27T16:17:24+0300 2023-12-04T11:10:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vjasna_13_palitvjazynki_facebook-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі за мінулы тыдзень былі прызнаныя 13 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1451 чалавек. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 12 палітвязняў: Барыс Кайзер, Дзмітрый Канеўскі, Юрый Лагуцін, Андрэй Мацонка, Юрый Лагуцін, Дзмітрый Буневіч, Юрый Церашкевіч, Руслан Міхайлаў, Павел Ларчык, Сяргей Ключанскі, Сяргей Сакун і Аляксандр Фралоў.

Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуд па палітычна матываванай справе палітвязняволенай Алене Дзмітрыевай — тры гады "хатняй хіміі".

Палітвязня Аляксандра Францкевіча змясцілі ў ПКТ. Ён чакае перавод у іншую калонію

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Нядаўна стала вядома, што гэту калонію закрываюць — замест яе плануюць адкрыць лячэбна-працоўны прафілакторый. Таму цяпер палітвязень чакае перавод у іншую ўстанову.

Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода. Акрамя гэтага, агулам палітвязня ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 160 сутак.

Стала вядома дата апеляцыі на прысуд Паліне Шарэндзе-Панасюк

Суддзя Станіслаў Іванюценка 9 кастрычніка прызнаў жанчыну вінаватай у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі" (ч. 2 арт. 411 КК) і прызначыў ёй яшчэ 1 год калоніі ў дадатак да трох гадоў. На першым судовым пасяджэнні яна заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы.  

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У канцы лютага 2022 года на палітзняволеную завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі.

Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", Гомельскі абласны суд 15 снежня разгледзіць апеляцыйную скаргу палітзняволенай.

У Вярхоўным судзе 27 лістапада адбудзецца апеляцыя на прысуд Эдуарду Бабарыку

Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года

Мінскі абласны суд 5 ліпеня вынес прысуд па справе Бабарыкі —8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковаму абвінавачванню.

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) КК. 

Згодна з раскладам, У Вярхоўным судзе 27 лістапада пачнецца разгляд апеляцыйнай скаргі Эдуарда. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Буката.

Аўтара Youtube-канала "MozgON" зноў будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" 

Уладзімір Цыгановіч

43-гадовага Уладзіміра Цыгановіча толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў калоніі. Судзіць Уладзіміра пачнуць ужо 30 лістапада ў Ваўкавыску.

Справу былога журналіста Андрэя Толчына перадалі ў пракуратуру  

Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера следчыя перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Як стала вядома "БАЖ", Андрэя абвінавачваюць паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).

Нагадаем, сілавікі затрымалі Андрэя напрыканцы верасня. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе мужчына жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Тлумачылі жонцы, што ператрус ладзіўся нібыта ў межах справы за экстрэмізм.

Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі. Вядома, што палітвязень пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.

Палітвязня Сяргея Трацюка перавялі на турэмны рэжым

Сяргей — жыхар Брэста, да зняволення працаваў токарам, мае непаўнагадовую дачку. Яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) за ўдзел у акцый пратэсту ў Брэсце ў жніўні 2020 года.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Сяргею прызначылі 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Са студзеня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22.

У Івацэвічах 7 ліпеня адбыўся суд па замене Трацюку рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Васіля Аўрусевіча яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4 да заканчэння тэрміну, піша "Берасцейская Вясна".

"Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую". Апошнія навіны пра Міколу Дзядка

Мікалай Дзядок. Фота: spring96.org

У якіх умовах знаходзіцца Мікалай, "Свабодзе" расказала дасведчаная ў ягоных справах крыніца.

"Сядзіць у адзіночнай камэры. На прагулкі выводзяць рэгулярна, на гэта не скардзіцца. Са здароўем ёсць праблемы — страўнік, галаўныя болі. Але спрабуе з імі разабрацца. Чарговую мэдычную бандэроль для яго прынялі без праблем. На харчаванне таксама не наракае».

Цяпер ён вучыць нямецкую і арабскую мовы, не забывае і пра ангельскую. Сярод кніг, якія яму ўдаецца замаўляць, у асноўным слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Арабская мова для яго не проста хобі, але і прафэсійны занятак, бо ягоная дыпломная праца ў ЕГУ прысвячалася паліталагічным праблемам на арабскім Блізкім Усходзе. Калі Мікалай бываў у Ізраілі і Іарданіі, дык кантактаваў з арабамі на іх роднай мове. Цяпер, пэўна, ягоныя веды арабскай сталі яшчэ большымі".

Палітзняволенага Рыгора Кастусёва змясцілі ў ПКТ 

Фота

Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

«Пацвердзілася інфармацыя. Рыгор Кастусёў змешчаны ў ПКТ. Хутчэй за ўсё 11 лістапада», — напісаў ён.

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Палітзняволены Павел Вінаградаў паўгода прасядзеў у ШІЗА 

Павел Вінаградаў

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Святлана ў Facebook.

"Апошнія амаль 6 месяцаў з 7 правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі. Цяпер атрымаў 2 месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны – гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта строгі рэжым, тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей".

Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня абвінавацілі па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на Лукашэнку) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Працягваецца ціск на палітыка Міколу Статкевіча

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

Сваякі Мікалая праз «другія рукі» атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камэры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару, піша "Свабода".

"Яго пазбавілі права на званкі, пазбавілі адзінай на год перадачы і спаткання. Сядзіць у адзіночнай камеры ПКТ, якую рэгулярна чаргуюць з ШІЗА", — паведаміла крыніца, спаслаўшыся на чалавека, які адбывае пакаранне ў іншай калоніі, але нядаўна атрымаў звесткі пра глыбоцкую вязніцу.

Вызваліць і зменшыць тэрмін. Па выніках апеляцыі палітзняволеным сужэнцам змянілі прысуд 

Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда палітзняволеных сужэнцаў Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава, якіх асудзілі да 3 і 5,5 гадоў зняволення адпаведна.

У выніку суддзя Юрый Руткоўскі пастанавіў прызначыць палітзняволенай тыя ж 3 гады пазбаўлення волі , але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. У выніку Таццяну вызвалілі з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгады, паведамляе "БАЖ". 

Палітвязня, у якога ў зняволенні здарыўся інсульт і інфаркт, хочуць прымусова накіраваць у псіхіятрычную бальніцу

Дзмітрый Сончык

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", такая сітуацыя склалася з 48-гадовым палітзняволеным фатографам Дзмітрыем Сончыкам, у якога ў лістападзе 2021 года ў магілёўскай турме здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт. Дзмітрыя асудзілі да 3 гадоў калоніі за каментары. Да вызвалення яму засталося каля чатырох месяцаў.

Былыя вязні калоніі № 2 распавялі, што цяпер Дзмітрый утрымліваецца ў медчастцы. У палітвязня нібыта назіраюцца праблемы з псіхічным здароўем, таму мясцовыя лекары пад выглядам гэтага выдаюць яму нейкія лекі. "Лячэнне" пачалося яшчэ да таго, як палітвязня змясцілі ў медчастку. Супрацоўнікі ПК-2 хочуць этапаваць Дзмітрыя на абследванне ў гомельскую псіхіятрычную бальніцу, але ён адмаўляецца. Таксама вязні распавялі, што ў яго праблемы з карэспандэнцыяй. Былыя зняволеныя, якія звязаліся з праваабаронцамі, вельмі занепакоеныя станам Дзмітрыя пасля яго "лячэння" ў медчастцы ў калоніі.

Набыў моц прысуд палітзняволенаму айцішніку Дзмітрыю Маставому

Маставы Дзмітрый

Ён быў затрыманы пасля дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах.

Як паведаміла "Люстэрка", рашэнне суда Брэсцкай вобласці пакінулі без змен.

Нагадаем, Змітра асудзілі на 10 гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У Гродне пачынаюць судзіць палітзняволеную, якую затрымалі па вяртанні з Польшчы 

Аляксандра Каско

У Гродзенскім абласным судзе 27 лістапада распачынаецца суд над 30-гадовай палітзняволенай Аляксандрай Каско. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага гэтага года. Цяпер яе абвінавачваюць паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Палітзняволенай пагражае да 12 гадоў зняволення.

Справу будзе раглядаць суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Яшчэ да суда, 12 верасня 2023 года, КДБ унёс Аляксандру ў "спіс тэрарыстаў". Таксама яе дадалі ў "спіс экстрэмістаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства