viasna on patreon

Масавая зачыстка ў Лідзе, ліквідацыя грамадскіх арганізацый: хроніка пераследу 15-17 чэрвеня Дапоўнена

2024 2024-06-17T07:44:00+0300 2024-06-17T18:14:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzejaslou-chasopis.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-17 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Індывідуальнага прадпрымальніка затрымалі за заклікі блакаваць рух транспарту ў 2020-ым годзе

Паведамляецца, што свае каментары мужчына пакідаў у «дэструктыўным тэлеграм-чаце».

Паводле інфармацыі @nashaniva, затрыманы — Кірыл Чалядзінскі. Яму 35 гадоў, ён мінчук. Мужчына мае невялікі бізнэс — гандлюе гадзіннікамі. У Кірыла ёсць жонка і дзіця.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае МУС Беларусі

У яго трапілі:

Telegram-канал «PETLYARIS»;
Youtube-канал «Простымі словамі»;
TikTok-старонкі «NARODNYREPORTER», «SIARHEI PIATRUKHIN».


Валянціна Стэфановіча перавялі ў ПКТ на паўгода, Фядута вярнуўся са шпіталя

Праваабаронцу «Вясны» палітвязня Валянціна Стэфановіча, асуджанага на 9 гадоў зняволеньня, перавялі ў ПКТ на 6 месяцаў (памяшканне камернага тыпу), якое ўмовамі ўтрымання нагадвае крытую турму.

Валянцін Стэфановіч на судзе

Паводле "Свабоды", на Валянціна Стэфановіча аказваюць пастаянны ціск:

«Сядзіць у ПКТ ужо некалькі месяцаў, але і адтуль яго рэгулярна саджаюць у ШЫЗА".

Палітоляга і літаратара Аляксандру Фядуту, пакаранага 10 гадамі калёніі, выпісалі са шпіталя.


Затрыманне за інфармацыю пра мінскага суддзю

Беларуса затрымалі за тое, што ён даслаў у "Чорную кнігу Беларусі" інфармацыю пра суддзю Кастрычніцкага раёну Мінска

"Пакаяльнае відэа" з мужчынам апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.


Ліквідуюць фонд, які выдаваў літаратурны часопіс "Дзеяслоў"

У Мінскім гарадскім судзе 28 чэрвеня будзе разгледжаны пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Літаратурна-мастацкі фонд “Нёман”. Працэс пад старшынствам суддзі Вольгі Антоненка пачнецца у 10:00.

Фонд “Нёман” існуе амаль 30 гадоў — з 17 чэрвеня 1994 года. На працягу больш за 20 гадоў, пачынаючы з 2002-га, ён кожныя два месяцы выпускаў літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”, у якім друкавалася сучасная беларуская проза, паэзія, эсэістыка, крытыка, пераклады твораў з англійскай, літоўскай, нарвежскай, польскай, рускай і ўкраінскай моў. Апошні нумар часопіса выйшаў у снежні 2023 года.

У тым жа судзе 5 ліпеня Таццяна Дарашчонак разгледзіць іск Мінюста з патрабаваннем ліквідаваць Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў (БСЛМК), які існуе амаль 27 гадоў. Аб’яднанне зарэгістраванае ў будынку, дзе месціцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. 


Сілавікі пахваліліся масавай зачысткай на заводзе ў Лідзе

Прынамсі пяцёра працаўнікоў металатканага завода HaverBY былі затрыманыя ў выніку міліцэйскага рэйду, паведамляе "Наша Ніва".

Пра гэта 16 чэрвеня паведаміў адзін з каналаў сілавікоў. 

Як паведамілі прапагандысты, на прыватным прадпрыемстве 14 чэрвеня прайшла «адпрацоўка экстрэмістаў». У апублікаваным роліку бачна, як сілавікі з аўтаматамі і ў поўным абмундзіраванні ўрываліся ў цэхі, адцягвалі рабочых ад станкоў, укладвалі на зямлю і заводзілі рукі за спіну.

На якой падставе былі затрыманыя работнікі і які іх працэсуальны статус — не паведамляецца.


Сілавікі затрымалі жыхара Лепеля, які "склікаў людзей" на пратэсты

Ролік з ім апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. На міліцэйскім відэа мужчына ў белай кофце з надпісам «Freedom» кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах.

У 2020 годзе ён пакідаў каментары ў чатах, у якіх «склікаў людзей для пратэстных акцый».

"У горадзе Лепель ніхто не выходзіць, уся сядзяць дома. Нельга так! Вы ж паказвалі, што можаце! У вас там 7 міліцыянтаў на 17 тысяч чалавек!", — напісана ў каментары, які прыпісваецца мужчыну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства