"І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?" У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве. Фільм уздымае тэму смяротнага пакарання, а само мерапрыемства прысвечана Міжнароднаму дню супраць смяротнага пакарання, які прыпадае на 10 кастрычніка.
Фільм быў паказаны ў межах юрыдычнага кінаклуба, заснавальнікам і вядоўцам якога з'яўяецца Максім Палавінка:
"Мне здаецца, у прафесійным асяроддзі, да якога я адношуся, у юрыстаў, асабліва пасля 2020 года, на першым месцы павінен быць аргумент пра не толькі судовую памылку, але і ўвогуле выкарыстоўванне суда як рэалізаці нейкай палітычнай волі, нейкіх жаданняў улады і гэтак далей. То бок калі вы бачыце, што рабілася і што зараз робіцца ў судах, не задацца пытаннем: "І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?" — гэтае пытанне не можа не ўзнікнуць. Судовая памылка — яна і для мяне часткова стала моцным аргументам для змены адносінаў да смяротнага пакарання".
Як адзначыў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", такія фільмы, як "Жыццё Дэвіда Гейла" глядзець варта — гэта паказала і абмеркаванне, якое прайшло пасля.
"Мы размаўлялі пасля прагляду фільма — і я нават для сябе адкрыў новыя цікавыя думкі, якія агучвалі ўдзельнікі мерапрыемства, — адзначыў Андрэй Палуда. — І тыя пытанні — этычныя, юрыдычныя, каштоўнасныя — якія паставіў гэты фільм і якія прагучалі падчас нашага абмеркавання, гэта тое, што падштурхоўвае мяне праглядаць гэты фільм кожны раз наноў і кожны раз наноў я бачу таксама нейкія новыя рэчы.
Варта яшчэ звярнуць увагу, што пытанне смяротнага пакарання палягае ў эмацыйнай плоскасці — мы пра гэта заўсёды гаворым. І вось гэты фільм з падзакручаным сюжэтам. І рэжысёр праз гэта падымае розныя эмоцыі, што дазваляе разважаць не толькі з пункту погляду дзяржаўнай машыны, але і чалавечага фактара".