viasna on patreon

Галадаўшых дэпутатаў пазбавілі прэміі

2004 2004-07-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На распараджэньне старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова былыя галадоўнікі, дэпутаты Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч, адрозна ад іншых дэпутатаў, не атрымалі прэміяў. У адпаведным распараджэньні Папова гаворыцца, што “за неналежнае выкананьне дэпутацкіх абавязкаў, якое выявілася ў адсутнасьці без уважлівай прычыны на пасяджэньнях пастаянных камісіяў палаты, пазбавіць прэміі за чэрвень (35% ад службовага акладу, гэта прыкладна 200 тысяч рублёў) Фралова, Скрабца і Парфяновіча”.

Падставай для гэтага рашэньня сталі службовыя запіскі старшыняў трох пастаянных камісіяў Лектарава, Кісялёва і Бікініна. Так, Уладзімер Парфяновіч працуе ў камісіі аховы здароўя, фізычнай культуры, справах сям’і й моладзі. Старшыня гэтай камісіі Валеры Лектараў, аўтар адной з дакладных, цьвердзіць, што Парфяновіч дрэнна працаваў: “Я лічу, што наагул ніякая галадоўка не была патрэбная. Тое, што яны прапануюць, не вырашае ніякіх праблемаў. Гэта проста ім патрэбна было выступіць. Калі Парфяновіч не хадзіў на працу, то за што яму плаціць прэмію? Ёсьць паседжаньні камісіі, ён прыходзіў рэдка. Ён павінен дакладаць закон, а ён зьяжджае ў ЗША, там яму цікава з апазыцыяй пахадзіць недзе, на рэспубліку бруд выліць”.

Старшыня камісіі Лектараў, які зьяўляецца доктарам, зьдзівіўся, што ў Парфяновіча язва. Дарэчы, з-за абвастрэньня гэтай хваробы Ўладзімер Парфяновіч адклаў свою паездку на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Сяргей Скрабец цьвердзіць, што пра дакладныя запіскі ім ніхто нічога не казаў, усё трымалі ў вялікай таямніцы. Яго клапоціць стан здароўя Валерыя Фралова пасьля нападу невядомых: “У Фралова паламаныя рэбры, парванае вуха, гематома на ўсім целе, і яму патрэбныя грошы на лекі, і пра гэта ў Палаце прадстаўнікоў ведаюць. Даюць такія распараджэньні пра пазбаўленьне грошай нават на лячэньне. Тым больш, што ў яго скралі ўсе грошы. Мы без уважлівых прычынаў прапусьцілі толькі адно паседжаньне, калі аб’явілі галадоўку, а пазбавілі прэміі за ўвесь месяц, гэта не зразумела”.

Паводле Скрабца гэтае рашэньне мае палітычныя падставы, бо некаторыя з дэпутатаў паўгоду ня ходзяць на сходы, нарады, а некаторых нават яны ня ведаюць у твар. Тым ня менш, іх прэміі не пазбавілі: “Зноў жа мне незразумела, калі 30 чэрвеня ў 13.30 дня ўвесь дэпутацкі корпус, на чале з начальнікам сакратарыята, з кіраўніцтвам Палаты, парушаючы дырэктыву №1 прэзыдэнта, што наагул зьяўляецца сьвятым у нашай краіне, паехалі ў Дудуткі адзначаць заканчэньне сэсіі, піць там гарэлку, і парлямэнт фактычна быў паралізаваны, застаўся на паўдня бяз працы. Мне незразумела, як гэта суадносіцца са званьнем дэпутата. У той час як члены дэпутацкай групы “Рэспубліка” працавалі не пакладаючы рук, 19 дзён галадалі, пазбаўляюць прэміі”. (Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства