Праваабарончы цэнтр “Вясна” просіць Міжнародную Федэрацыю Правоў Чалавека аказаць дапамогу па пытаньні ўзбуджэеньня крымінальных справаў супраць службовых асобаў Беларусі
Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся да сп. Сідзікі Каба, Прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (FIDH), з просьбай аказаць дапамогу і даць юрыдычную кансультацыю па пытаньні магчымасьці ўзбуджэньня працэдуры крымінальнага перасьледу службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, якія падазраюцца ў выкраданьнях і магчымых па-за судовых казьнях палітычных апанентаў рэжыму А. Лукашэнкі.
Дадзены зварот каментуе юрыст Валянцін Стэфановіч:
“Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьяўляецца асацыяваным сябрам Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (FIDH) з пачатку гэтага году. Гэта вельмі ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая мае сваіх прадстаўнікоў ў Камітэце па правах чалавека ААН і ў еўрапейскіх структурах па правах чалавека.
У сувязі з гэтым, Праваабарончы цэнтр “Вясна” вырашыў зьвяруцца з запытам на імя Прэзідэнта FIDH сп. Сідзікі Каба. У запыце ўтрымліваецца кароткая інфармацыя пра зьнікненьні Ю. Захаранкі, В. Ганчара, А. Красоўскага, Дз. Завадскага і просьба аказаць дапамогу ў выглядзе юрыдчнай кансультацыі па працэдуры ўзбуджэньня крымінальных справаў у краінах Еўропы, ў нацыянальным заканадаўстве якіх закладзены прынцыпы экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі. Маецца на ўвазе ўзбуджэньне працэдуры крымінальнага перасьледу ў адносінах да В. Шэймна, Ю. Сівакова, У. Навумава, Дз. Паўлючэнкі, асобаў якія падазраюцца ўжо і міжнароднай супольнасьцю ў выкраданьнях і магчымых па-за судовых казьнях апанентаў рэжыму А. Лукашэнкі.
Нам вельмі важна ведаць гэтыя працэдуры, а таксама краіны ў якіх магчыма ўзбуджэньне такіх справаў. Калі мы будзем ведаць гэтыя працэдуры, прэцэдэнты па аналагічных справах, мы зможам ужо больш дакладна працаваць у гэтым рэчышчы. Пры напісаньні запыту мы, безумоўна, абапіраліся ў першую чаргу на даклад сп. Хрыстаса Пургурыдэса, апошнія Рэзалюцыі ААН і ПАСЕ па правах чалавека ў Беларусі.
Для ўсіх жыхароў Беларусі вельмі важна каб нарэшце была ўстаноўлена праўда па гэтых жахлівых злачынствах, а ўсе вінаватыя былі пакараныя сьправядлівым і назалежным судом за свае ўчынкі.”
Інфармацыйны аддзел Праваабарончага цэнтру “Вясна”