12 ліпеня судом Першамайскага раёну г. Мінска адмоўлена партыі БНФ ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы па іску да Белтэлерадыёкампаніі і журналіста Юрыя Пракопава за паклёпніцкія выказваньні ў адрас партыі БНФ, якія прагучалі ў эфіры 25 красавіка 2004 года.
У эфіры 25 красавіка журналіст Ю. Пракопаў сьцьвярджаў, што як толькі партыя БНФ прыйдзе да ўлады адразу спыняцца праграмы дапамогі людзям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У сваёй адмове суд спасылаецца на пастанову Пленума Вярхоўнага суда, якая прадугледжвае дзелавую рэпутацыю толькі як якасьць, якая замацаваная толькі за суб’ектамі гаспадаркі і толькі ў сувязі з ажыцьцяўлеўньнем гаспадарчай дзейнасьці з боку іншых суб’ектаў гаспадарчай дзейнасьці альбо грамадзянаў. Такім чынам, з пункту гледжаньня суда, партыя БНФ як некамерцыйная юрыдычная асоба (як і любая партыя) наогул не мае дзелавой рэпутацыі, што, безумоўна з’ўляецца незаконным, дыскрымінацыйным у адносінах да Грамадзянскага Кодэкса, які прадугледжвае роўную праваздольнасьць усіх юрыдычных асобаў.
У вызначэньне суда сказана: “Гэтая спрэчка адносіцца да сферы палітычнай дыскусіі, якая ўплывае на фармаваньне палітычных поглядаў у грамадзянаў і не падлягае разгляду ў судзе”.
Ці значыць гэта, што пра партыі можна казаць ўсё што заўгодна і партыі будуць абсалютна безабаронныя? Атрымліваецца, што ў любой некамерцыйнай установы няма “дзелавой рэпутацыі”?
Рашэньне суда Першамайскага раёну будзе аспрэчвацца ў Калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага Гарадскога суда.