Грамадскае аб’яднаньне “Воля да разьвіцьця” выйграла працэс па “справе ТАСІС” (www.belngo.info)
12 ліпеня Гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці задаволіў пазоў грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця”. Рашэньне падатковай інспэкцыі па г.Слоніме аб спагнаньні з арганізацыі падаткаў у памеры 15 млн. рублёў за сродкі, атрыманыя ад Эўрапэйскай камісіі ў межах праграмы тэхнічнай дапамогі ТАСІС, адмененае. Судзьдзя Алег Кадач абавязаў падатковую інспэкцыю кампэнсаваць судовыя выдаткі.
Судзьдзя Алег Кадач далучыў рашэньне па аналягічнай справе грамадзкага абъяднаньня “Беларускага Хельсынскага Камітэту”. “Напэўна, аргумэнты, падобныя пакладзеным у аснову рашэньня па БХК, і былі пакладзеныя ў аснову рашэньня па справе “Волі да разьвіцьця”, - выказвае меркаваньне Юры Чавусаў, юрыст Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Беларусі, які прадстаўляў інтарэсы арганізацыі ў судзе.
Разам з тым сп.Чавусаў не адмаўляе значнай ролі Эўракамісіі ў вырашэньні канфліктнай сытуацыі, зьвязанай з выдзяленьнем грантаў ТАСІС беларускім грамадзкім арганізацыям. “Дзякуючы Эўракамісіі ў справе БХК і “Волі да разьвіцьця” суды былі проста вымушаныя ўстаць на бок грамадзкіх арганізацыяў”, - мяркуе праваабаронца.
Тым ня менш падатковыя органы выяўляюць намер падаць касацыйную скаргу на рашэньне Гаспадарчага суда Гарадзенскай вобласьці – пра гэта сёньня паведамілі прадстаўнікі слонімскай падатковай. Сёньня ж стала вядома, што ўжо пададзеная касацыйная скарга на рашэньне па справе БХК.
У сувязі з адменай рашэньня падатковай інспэкцыі крымінальная справа, узбуджаная супраць кіраўніка арганізацыі “Воля да разьвіцьця” Міхася Варанца, мусіць быць спыненая за адсутнасьцю складу злачынства.
Алёна Андрэева