РЭЗАЛЮЦЫЯ КАМІСІІ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ СЭЙМУ РЭСПУБЛІКІ ПОЛЬШЧА ПА ПАРУШЭНЬНЮ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ
Прынятая на паседжаньні 15 ліпеня 2004 г.
Камісія Замежных Справаў Сэйму РП са штораз большым непакоем атрымлівае інфармацыю аб памнажэньні рэпрэсыўных і абмежавальных захадаў уладаў Рэспублікі Беларусі ў адносінах да беларускай дэмакратычнай апазыцыі.
Пагрозы дэлегалізацыі апазыцыйных партыяў (у тым ліку распачацьце працэдуры ліквідацыі Партыі Працы) мы трактуем як сур'ёзныя парушэньні агульнаабавязковых правілаў павагі да правоў чалавека.
Непрытрымліваньне такога тыпу міжнародных правілаў і абавязкаў ёсьць таксама істотным парушэньнем падставаў сучаснага мірнага ладу жыцьця і супрацы народаў у Эўропе. Для нас гэта тым больш важна, бо падзеі адбываюцца ў непасрэдным суседзтве з Польшчай і датычыцца народу, зь якім нас лучаць асаблівыя маральныя і гістарычныя сувязі.
Камісія Замежных Справаў лічыць абавязковым ажыцьцяўленьне польскай дыплямат ыяй усіх магчымых дзеяньняў, скіраваных на абарону арганізацыяў і дзеячаў беларускай апазыцыі, якія трапляюць пад перасьлед. Абавязковым таксама лічым ўзьняцьцё гэтых пытаньняў на форумах Эўрапейскага Зьвязу, Рады Эўропы ды Арганізацыі Бясьпекі і Супрацы ў Эўропе.
Маральная падтрымка з боку Польшчы дэмакратычных памкненьняў беларускага народу ёсьць неабходным выразам сяброўства і будаваньня ўмоваў блізкай супрацы паміж нашымі краінамі.
Неафіцыйны пераклад з польскай старшыні Міжнароднай камісіі Партыі БНФ Ігара Лялькова.