Яшчэ адзін актывіст апазыцыі стаў невыяздным
20 ліпеня 2004 году ў Брэсцкае абласное аддзяленьне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнулася добра вядомая на берасьцейшчыне апазыцыйная дзяячка Паліна Панасюк – органы ўнутраніх спраў адмовілі ёй у выдачы дазволу на выезд за мяжу (гэтак званай “візы” (пячаткі ў пашпарт) “ва ўсе краіны сьвету”).
Падставай да адмовы паслужыў аргумант, што гр. Панасюк не сплаціла грашовае пакараньне ў памеры 1.500.000 рублёў за ўдзел у “Ланцугу неабыякавых людзей” яшчэ ў 2002 годзе.
Такое тлумачэньне выклікае сумнеў таму, што прысуд вынесены завочна суддзёй суду Ленінскага раёну г. Брэста Міранюком А.С. гр. Паліне Панасюк 8 лютага 2002 году ў памеры 1.500.000 рублёў быў адменены Брэсцкім абласным судом “за адсутнасьцю складу правапарушэньня” 3 чэрвеня 2002 году.
Ёсьць мяркаваньне, што прадстаўлены інцыдэнт, высьвятляе чарговыя захады дзеючай улады па ўтаймаваньні апазыцыйнага руху і ціску на асобных дзеячоў Беларускай апазыцыі.
20 ліпеня 2004 г.