viasna on patreon

Новая крымінальная справа распачата ў Горадні супраць Валерыя Леванеўскага, ягонага сына й сям’і Васільевых (Радыё Свабода)

2004 2004-07-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 ліпеня да справы пра публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі, якую вядзе Ленінская раённая пракуратура Горадні, дадалася новая крымінальная справа, распачатая адразу адносна чатырох асоб – Валер’я Леванеўскага й Аляксандра Васільева, якіх спачатку зьвінавачвалі толькі за публічную абразу прэзыдэнта, жонкі сп. Васільева Наталі й 18-гадовага сына сп. Леванеўскага – Уладзімера.

Усіх чатырох зьвінавачваюць за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу 1 траўня й грубыя парушэньні грамадзкага парадку.

Крымінальная справа распачата паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Прадугледжана пакараньне – да трох гадоў зьняволеньня. У пастанове старшага сьледчага пракуратуры Альфрэда Танкевіча гаворыцца, што сп-ры Леванеўскі й Васільеў вырабілі й распаўсюдзілі мноства ўлётак з заклікам прыйсьці 1 траўня на мітынг. Далей азначана, што на пляцы Леніна адбыўся несанкцыянаваны мітынг, у якім актыўна ўдзельнічалі жонка Васільева Наталя й сын Леванеўскага Ўладзімер.

Сьледчы Танкевіч падсумаваў: на мітынгу “быў груба парушаны грамадзкі парадак, спаралізаваны рух грамадзкага ды іншага транспарту на вул. Сацыялістычнай, а таксама ўдзельнікі несанкцыянаванага мітынгу аказвалі яўнае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады”.

(Васільеў: ) “Першатравеньскі мітынг, на які былі запрошаны жыхары гораду й які праводзілі ўлады, яны цяпер лічаць несанкцыянаваным. Усё зьвінавачаньне, напэўна, будзе будавацца на тым, што ў нейкі момант улады абвесьцілі пра закрыцьцё мітынгу. І з гэтага моманту – атрымліваецца – яны, паводле дзейных законаў, могуць любога прыцягнуць да адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу”.

Сп. Васільеў лічыць: новая крымінальная справа распачата таму, што вылучанае да іх зь Леванеўскім зьвінавачаньне за абразу прэзыдэнта – беспадстаўнае. Дагэтуль зьвінавачаным не паведамлена, як дакладна, якімі словамі быў абражаны прэзыдэнт Лукашэнка.

Вельмі сымбалічна, што крымінальная справа за першатравеньскі мітынг заведзена сёньня – у дзень 10 гадавіны кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, пасьля ягоных запэўніваньняў на ўчарашняй прэсавай канфэрэнцыі, што са свабодай слова ў Беларусі ўсё ня так дрэнна.

Трэба нагадаць, што Горадня стала адзіным горадам Беларусі, дзе 1 траўня адбыўся мітынг з палітычнымі патрабаваньнямі: удзельнікі настойліва запатрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Сёньня таксама Ленінскі раённы суд Горадні разгледзеў скаргу Валер’я Леванеўскага й ягонага адваката адносна меры стрыманьня. Сп. Леванеўскаму падоўжылі знаходжаньне пад вартай у сьледчым ізалятары – да 15 жніўня. Суд пакінуў меру стрыманьня бяз зьменаў.

(Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства