Дзярждэпартамэнт ЗША занепакоены атакамі на ЭГУ і разгонам дэманстрантаў 21 ліпеня (Радыё Свабода)
"Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у прыватнасьці – нядаўняй атакай беларускага ўраду на акадэмічныя свабоды й права на сходы", гаворыцца ў заяве.
Дзярждэпартамэнт ЗША
2004/814, 23 ліпеня 2004 г
Заява сьпікера Рычарда Баўчэра
Захады беларускіх уладаў супраць акадэмічных свабодаў і права на сходы
Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у прыватнасьці – нядаўняй атакай беларускага ўраду на акадэмічныя свабоды й права на сходы.
21 ліпеня беларускі ўрад паведаміў кіраўніцтву Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, рэспэктабэльнай вышэйшай навучальнай установы, што ён скасоўвае дамовы на арэнду памяшканьняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, дзе рэалізуецца бальшыня ягоных акадэмічных праграмаў. Гэты крок, разам зь несупыннымі спробамі ўладаў дамагчыся адстаўкі рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоля Міхайлава, прымусіць ЭГУ спыніць сваю дзейнасьць і ўвогуле паставіць пад пагрозу будучыню ўнівэрсытэту, яго студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама іхны значны ўнёсак у інтэлектуальнае жыцьцё і акадэмічныя свабоды ў Беларусі.
Таксама 21 ліпеня беларуская міліцыя гвалтоўна разагнала вялікую дэманстрацыю дэмакратычных актывістаў у Менску, арыштаваўшы дзесяткі людзей, калі яны спрабавалі разгарнуць сьцягі.
Дзеяньні супраць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і гвалтоўны разгон дэманстрацыі – найноўшыя прыклады захадаў, якія засьведчваюць абструкцыянізм беларускіх уладаў што да разьвіцьця дэмакратычнага грамадзтва і паляпшэньня стасункаў з трансатлянтычнай супольнасьцю. Мы заклікаем Беларусь тэрмінова спыніць спробы выселіць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і пакончыць з гвалтоўным здушэньнем законнага права грамадзянаў на сходы й выражэньне сваіх палітычных поглядаў. Калі беларускія ўлады спадзяюцца на канструктыўны дыялёг са Злучанымі Штатамі і нашымі эўрапейскімі партнэрамі, яны мусяць спыніць кампанію супраць грамадзянскай супольнасьці й незалежных галасоў Беларусі.