У Кіеве пачалі разглядаць рэзалюцыю па Беларусі
Праект рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ “Становішча ў Беларусі” сёньня раніцай пачаў абмяркоўваць Камітэт у палітычных пытаньнях і бясьпецы. З дакладам выступае сябра рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ парлямэнтар з Даніі Крыстыян Піль Лёрэнтсэн.
“Агульны мэсыдж дакумэнту ў тым, што вітаюцца вядомыя прапановы Эўрапейскага Зьвязу для Беларусі. Гэта ўзважаная рэзалюцыя. Яна вытрымліваецца ў агульнай стратэгіі адносна Беларусі, якую мы сёньня бачым з боку міжнародных структураў”, -- паведаміў “Радыё Свабода” сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька.
Калі тэкст рэзалюцыі ўхваліць першы камітэт Асамблеі, а таксама яшчэ два камітэты, дык тады ён будзе вынесены на агульнае галасаваньне ўсёй Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.
Летняя сэсія ПА АБСЭ пачалася ўчора ў Кіеве і скончыцца ў панядзелак, 9 ліпеня.
На 7 ліпеня заплянаваны таксама круглы стол па Беларусі. Яго правядзе кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ, дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф.
На беларускія мерапрыемствы атрымалі запрашэньне і тры суб’екты зь Беларусі: афіцыйная дэлегацыя “нацыянальнага сходу” ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, чатыры сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.