viasna on patreon

Пакаранне за смерць рабочага – 900 тысяч рублёў

2007 2007-11-02T16:52:28+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Светлагорская пракуратура праверыла факт гібелі 24-гадовага Аркадзія Пунтуса. Высветлілася: падчас здарэння адказны кіраўнік фактычна не кіраваў рабочымі. За гэта яго аштрафавалі.

Шостага верасня ў Светлагорску на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве – вытворчым аб’яднанні "Хімвалакно" – здарыўся трагічны выпадак. Рабочыя рамонтна-механічнага цэху № 2 выконвалі працу на заводзе паліэфірных тэкстыльных нітак. Яны вялі дэмантаж абсталявання  ў цэху гарачай выцяжкі і тэкстуравання. Трэба было зняць дзесяць апорных стаякоў, якія трымалі каркас тэкстуравальнай машыны. Замест дэмантажу кожнай стойкі паасобна, як гэта належыць па інструкцыі, рабочыя выкруцілі фундаментныя балты ва ўсіх апорах адразу. Гэтым займаўся А. Пунтус. Рабочыя паклалі на падлогу два стаякі, а пры спробе дэмантаваць трэці ўсе астатнія склаліся пад вагою 184-кілаграмовай канструкцыі. Пацярпелы загінуў на месцы здарэння.

Паводле заключэння Светлагорскай міжраённай інспекцыі працы, прычынай трагічнага здарэння з’явілася парушэнне парадку мантажу самім рабочым, а таксама "неналежны кантроль за выкананнем работнікамі патрабаванняў інструкцыі" з боку адказнага кіраўніка па правядзенню работ – намесніка начальніка цэха. Аднак паводле вынікаў праверкі, у час здарэння адказны хадзіў за дэталлю, "указанняў парушаць інструкцыю не даваў, аб парушэнні не ведаў". На гэтай падставе пракуратура адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Па адміністрацыйнай адказнасці накладзены штраф – 30 базавых велічыняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства