viasna on patreon

Маніторынг праваабарончага цэнтру “Вясна” па фактах выкарыстаньня катаваньняў ды іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня ў адносінах да грамадзянаў беларусі. 2004 год

2007 2007-11-06T17:29:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пры правядзеньні маніторынгу Праваабарончы цэнтр “Вясна” зыходзіць з вызначэньня катаваньняў, якое даецца ў “Канвенцыі супраць катаваньняў ды іншых бесчалавечных альбо прыніжаючых відах абыходжаньня і пакараньня” ад 10 сьнежня 1984 году, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 21.01.1987 г. – “катаваньне” – азначае любое дзеяньне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральная, каб атрымаць ад яе альбо ад трэцяй асобы зьвесткі альбо прызнаньні, пакараць яе за дзеяньне, якое зьдзейсьніла яна альбо трэцяя асоба, альбо па любой іншай прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута наносіцца дзяржаўнай службовай асобай альбо іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасьці альбо па іх падбухторваньні, альбо з іх ведама, альбо маўклівай згоды”. Беларусь ратыфікавала “Канвенцыю супраць катаваньняў ды іншых бесчалавечных альбо прыніжаючых відах абыходжаньня і пакараньня”.

У адпаведнасьці з арт. 2 Канвецыі “кожная дзяржава-ўдзельнік прадпрымае эфектыўныя заканадаўчыя, адміністратыўныя, судовыя ды іншыя меры для папярэджаньня актаў катаваньня на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй”.
У маніторынгу выкарыстаныя:

1. Факты, якія сталі вядомыя Праваабарончаму цэнтру “Вясна” у 2004 г., на падставе пісьмовых зваротаў ахвяраў катаваньняў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
2. Факты, на якія Праваабарончы цэнтр “Вясна” адрэагаваў, дапамагаючы пацярпелым ад катаваньняў пісаць скаргі ў органы пракуратуры.
3. Факты, якія сталі вядомыя Праваабарончаму цэнтру “Вясна” з адкрытых крыніцаў (СМІ, Інтэрнэт).

I. ФАКТЫ КАТАВАНЬНЯЎ, ЯКІЯ СТАЛІ ВЯДОМЫЯ ПРАВААБАРОНЧАМУ ЦЭНТРУ “ВЯСНА” У 2004 ГОДЗЕ.

1. Зьбіцьцё ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 году.

Акцыі адбываліся 18-25 кастрычні¬ка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. У гэтыя дні грамадзяне Беларусі выходзілі на плошчу ў цэнтры Менску, каб выказаць сваю нязгоду з афіцыйна абвешчанымі вынікамі выбараў і рэферэндуму, якія адбыліся 17 кастрычніка. Мэтай рэферэндуму было ўнясеньне зьменаў у арт.81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – фактычна прадастаўленьне А.Лукашэнку права неабмежаванай магчымасьці вылучацца на пасаду прэзідэнта. Вынікі рэферэндуму былі сфальсіфікаваныя на карысьць А.Лукашэнкі, як і вынікі выбараў, на якіх у парламент не прайшоў ніводны прадстаўнік дэмакратычных партыяў. Акцыі пратэсту насілі мірны характар, але, нягледзячы на гэта, былі спыненыя супрацоўнікамі АМАП з выкарыстаньнем фізічнай сілы і сьпецсродкаў. Пры гэтым больш за 60 удзельнікаў былі затрыманыя, большасьць з іх была прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасьці па арт. 167.1 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэньне парадку правядзеньня і арганізацыі масавых мерапрыемстваў) і падвергнутыя спагнаньням у выглядзе адміністратыўных арыштаў ад 3 да 15 сутак і штрафаў ад 20 да 70 базавых велічыняў.
Па факце правядзеньня дэманстрацый органамі МУС была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя групавых дзеяньняў, груба парушаючых грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што АМАПаўцы ўжывалі катаваньні ў адносінах да дэманстрантаў, затрыманых 19-25 кастрычніка ў Менску падчас акцыяў пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндуму.

У гэтыя дні арыштавана больш за 60 чалавек, сярод якіх было шмат непаўнагадовых.

Былі зьбітыя некалькі дзясяткаў чалавек, уключаючы журналістаў і лідэраў партыяў.

Паводле сьведчаньняў затрыманага 19 кастрычніка ўдзельніка акцыі Яраслава Навуменкі, у аўтобусах дэманстрантаў “кідалі на падлогу і білі”. Пра гэта Я. Навуменка заявіў на судзе, але судзьдзя Ленінскага суда Церашкова не зьвярнула на факт катаваньня ніякай увагі і вынесла рашэньне пра 3 сутак арышту. Другі затрыманы, студэнт аднаго з менскіх ВНУ, заявіў на судзе, што іх кінулі ў аўтобусе на падлогу і “добра пахадзілі нагамі”. Але і гэты факт не зацікавіў судзьдзяў. Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які выступаў у судзе ў якасьці прадстаўніка затрыманых, адзначыў, што суды вызначаліся тым, што судзьдзі адмаўляліся выклікаць сьведкаў.

a) Зьбіцьцё старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі 19.10.04 году.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і трапіў у бальніцу з пераломамі рэбраў і гематомай ныркі. Амапаўцы дагналі Анатоля Лебедзьку на прыступках кавярні «Паціо-піца” павалілі на падлогу і пачалі зьбіваць нагамі, білі па твары і галаве.

«АМАПаўцы зьбілі мяне да страты прытомнасьці, — расказаў А. Лябедзька, — праз чорны ўваход увайшла група з 7–8 чалавек на чале з камандзірам менскага АМАПу палкоўнікам Падабедам. Мяне працягнулі па падлозе, паднялі за рукі «на дыбы» так, што я павіс, і Юры Падабед 6–7 раз ударыў мяне далоньню па твары, прыгаворваючы: «Ну што, даскакаўся?». Пасьля я страціў прытомнасьць».

Па факце зьбіцьця Анатоля Лябедзькі таксама пададзеная скарга ў пракуратуру Ленінскага раёну. Па скарзе праводзілася пракурорская праверка. У пракуратуры Ленінскага раёну былі дапытаныя намесьнік старшыні АГП Аляксандр Дабравольскі, прэс-сакратар партыі Кацярына Ткачэнка і актывістка АГП Антаніна Кавалёва. А.Лябедзька таксама сустрэўся са сьледчым пракуратуры.

Пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу па супрацьзаконных дзеяньнях АМАПаўцаў, якія 19 кастрычніка зьбівалі Анатоля Лябедзьку.

б) Зьбіцьцё Дзьмітрыя Чарткова 19.10.04 году.

Дзьмітрый Чарткоў, затрыманы на акцыі 19 кастрычніка быў зьбіты пры затрыманьні і дастаўлены ў Менскую абласную клінічную бальніцу ў аддзяленьне нейрахірургіі, дзе яму паставілі дыягназ «пашкоджаньне мяккіх тканкаў галавы і канечнасьцяў».

Дзьмітрый Чарткоў накіраваў скаргу ў Пракуратуру Ленінскага раёну г. Менску, у якой сказана: «19.10. 2004 году я быў затрыманы супацоўнікамі міліцыі ў раёне Кастрычніцкай плошчы ў гора¬дзе Менску за быццам бы меўшае месца парушэньне арт.167-1 КаАП Рэспублікі Беларусь. У выніку затрыманьня супрацоўнікамі міліцыі была ўжытая фізічная сіла, якая выявілася ў нанясеньні ўдараў у вобласьць галавы і тулава. З майго боку пры затрыманьні не аказвалася непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі. Я адразу падпарадкаваўся і гатовы быў сам прайсьці ў аўтобус, куды дастаўляліся затрыманыя. У момант майго затрыманьня я падвергнуўся зьбіцьцю і катаваньням. У выніку зьбіцьця я быў дастаўлены ў Менскую абласную клінічную бальніцу, у аддзяленьне нейрахірургіі. Там мне быў пастаўлены дыягназ ўдару мяккіх тканкаў галавы і канечнасьцяў. Я знаходзіўся ў бальніцы з 20.10.04 па 25.10.04. Неабходнасьць майго знаходжаньня ў бальніцы была выкліканая цяжкім сама¬адчуваньнем, выкліканым зьбіцьцём. Зьбі¬цьцё працягвалася і пасьля затрыманьня і нават у той момант, калі я быў закінуты ў аўтобус, куды, працягваючы зьбіваць, супрацоўнікі міліцыі дастаўлялі іншых затрыманых. На падставе арт.18 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» супрацоўнікі міліцыі абавязаныя імкнуцца нанесьці найменшую шкоду здароўю, гонару і годнасьці грамадзянаў. У дадзеным выпадку дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі насілі яўна супрацьпраўны характар, працягваліся пасьля майго затрыманьня і нанесьлі мне фізічныя і маральныя пакуты».
У сваёй скарзе Дз. Чарткоў просіць устанавіць асобаў, якія ўчынялі катаваньні – «асобы, якія праводзілі маё затрыманьне, магчыма, указаныя ў рапартах супрацоўнікаў міліцыі, якія знахо¬дзяцца ў матэрыялах справы пра адміністратыўнае затрыманьне».

Акрамя гэтага Дзьмітрый Чарткоў просіць правесьці праверку па выкла¬дзеных фактах, выдаць накіраваньне на правядзеньне судова-медыцынскай эксьпертызы, узбудзіць крымінальную справу, прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці вінаватых асобаў.

Па дадзенай заяве пракуратура Ленінскага р-ну праводзіць праверку.

в) Зьбіцьцё журналістаў 19.10.04 году.

На акцыі 19 кастрычніка былі зьбі-тыя журналісты. Адзін з іх, карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко, зьвяр¬нуўся да генеральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана са скаргай. Юры Сьвірко напісаў: «Некалькі журналістаў беларускіх і замежных СМІ былі зьбітыя міліцыяй падчас разгону вулічнай дэманстрацыі ў цэнтры Менску ўвечары 19 кастрычніка». Ю. Сьвірко паведамляе, што аператары расейскіх тэлеканалаў НТВ и REN-TV Канстанцін Марозаў і Уладзімір Косьцін былі зьбітыя супрацоўнікамі АМАПу ў той момант, калі спрабавалі зьняць затрыманьне міліцыяй старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лебедзькі. Іх камеры былі разьбітыя, а фотакарэспандэнт агенцтва «Асашыэйтэд Прэс» Сяргей Грыц быў незаконна затрыманы. Сам Ю.Сьвірко пацярпеў «ад рук супрацоўніка службы бясьпекі прэзідэнта». У скарзе Ю.Сьвірко патрабаваў узбудзіць крымінальную справу па артыкуле «незаконнае супрацьдзеяньне працы журналіста».

Пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу па супрацьзаконных дзеяньнях АМАПаўцаў, якія 19 кастрычніка зьбівалі журналістаў.

г) Зьбіцьцё Зьміцера Бародкі 20.10. 2004 году.

Зьміцер Бародка, удзельнік акцыі пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндуму, паведаміў у ПЦ “Вясна” наступную інфармацыю:
“Я, Бародка Зьміцер, быў зьбіты супрацоўнікамі Менскага АМАПу пасьля таго, як я быў затрыманы падчас акцыі пратэсту 20 кастрычніка 2004 году. Мяне ўкінулі ў аўтобус з АМАПам, і некалькі чалавек пачалі мяне зьбі¬ваць. Білі па твары, па нырках. У некалькіх месцах мне парвалі куртку. Пасьля на некалькі хвілінаў яны супакоіліся. Але ў мяне зазваніў мабільны тэлефон, і я пачаў размаўляць па ім. Тады некалькі чалавек (прыкладна 4-5) накінуліся на мяне ізноў. Яны павалілі мяне на падлогу, закруцілі руку за сьпіну і адабралі тэлефон. Наступіўшы нагой мне на галаву, некалькі разоў ударылі па сьпіне нагамі. Пасьля чаго мне не дазвалялі падняцца і сесьці. На падлозе я праляжаў хвілінаў 15, пасьля чаго мне ўрэшце рэшт дазволілі падняцца”.

2. Зьбіцьцё непаўнагадовай
Маргарыты Анцілеўскай 4.10.04 году.

4 кастрычніка 2004 году актывістка моладзевага руху «Зубр» Маргарыта Анцілеўская была затрыманая за распаўсюд недзяржаўнай прэсы ў Менску каля станцыі метро «Усход». Пасьля затрыманьня Маргарыту Анцілеўскую зьбіў начальнік інсьпекцыі па справах непаўнагадовых РУУС Заводзкага раёну Ула¬дзімір Новікаў. Ён прыкаваў яе кайданкамі да машыны і зьбіваў гумавай ду¬бінкай.
Маргарыта Анцілеўская падала скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёну на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Трэба адзначыць, што Уладзімір Новікаў ужо другі раз трапляе ў поле зроку праваабарончых арганізацыяў як асоба, якая ўдзельнічала ў катаваньнях.

У красавіку 2001 году Уладзімір Новікаў фігураваў у скаргах аб узбу¬джэньні крымінальных справаў па фактах зьбі¬цьця затрыманых падчас акцыі «Канчатковы дыягназ». У 2001 годзе Ула¬дзімір Новікаў, які працаваў у Партызанскім РУУСе, быў у званьні лейтэнанта, зьбіў 19-гадовую Кацярыну Шабан. Пасьля зьбіцьця К.Шабан забрала «хуткая дапамога», дыягназ – «сатрасеньне мозгу».

3. Зьбіцьцё пры затрыманьні
Францішка Вячоркі 1.09.04 году.

1 верасьня 2004 году навучэнцы лікві¬даванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа сумесна з актывістамі ЗБС (Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў) і іншых мола¬дзевых аб’яднаньняў арганізавалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пікет у падтрымку беларускамоўнай адукацыі і гарантыяў з боку дзяржавы для адукацыі на дзяржаўнай мове. Акцыя насіла мірны характар, у ёй прымалі ўдзел каля 20 чалавек, у тым ліку непаўнагадовыя. Калі пікетоўцы паспрабавалі расьцягнуць плакаты з лозунгамі, супрацоўнікі АМАП у цывільным пачалі затрымліваць некаторых з удзельнікаў. Так, адным з першых быў затрыманы навучэнец Беларускага гуманітарнага ліцэю, непаўнагадовы Ф. Вячорка. Ён быў схоплены некалькімі супрацоўнікамі АМАП у цы¬вільным і, з выкарыстаньнем фізічнай сілы, зацягнуты ў аўтобус. Пасьля ў аўтобус быў зацягнуты юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які стаў сьведкам катаваньняў Ф. Вячоркі супрацоўнікамі АМАП.

Па факце катаваньня бацькам пацярпелага Валянцінам Вячоркам 2.09. 2004 году была пададзеная скарга на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну. У скарзе ставілася пытаньне пра правядзеньне пракурорскай праверкі названых фактаў і прыцягненьне вінаватых да вызначанай законам адказнасьці. У скарзе сказана: «01.09.2004 г. мой сын Францішак Вячорка 1988 г. нараджэньня на выхадзе са станцыі метро “Кастрычніцкая” ў раёне Палацу прафсаюзаў каля 16.05 быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП у цывільным і дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Менску. У працэсе затрыманьня супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся, не растлумачылі матывы сваіх дзеяньняў. Майму сыну стала вядома, што ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, толькі пасьля дастаўленьня яго ў РУУС Цэнтральнага раёну. У працэсе затрыманьня невядомыя асобы ў цывільным ужылі супраць непаўналетняга грубую фі¬зічную сілу, а менавіта – заломвалі рукі, білі па нагах, зьбівалі пры зацягваньні ў аўтобус. Аўтобус ня меў апазнавальных знакаў дачыненьня да органаў унутраных справаў. У аўтобусе майго сына, які ляжаў на падлозе, працягвалі зьбіваць. Падчас затрыманьня майму сыну былі пашкоджаныя кашуля і штаны, далейшае іх выкарыстаньне немагчымае. Таксама ў аўтобус былі зацягнутыя Стэфановіч Валянцін Канстанцінавіч і Афнагель Яўген Ігаравіч. Пасьля дастаўленьня ў РУУС Цэнтральнага раёну г.Менску супрацоўнікі міліцыі, не складаючы пратаколаў затрыманьня й пратрымаўшы ня больш за дзьве гадзіны, вызвалілі затрыманых. Падчас затрыманьня майму сыну стала вядома прозьвішча аднаго з тых, хто праводзіў затрыманьне: гэта нехта Ліпінскі, супрацоўнік 8–га ўзводу АМАП ГУУС г. Менску. Яшчэ аднаго супрацоўніка АМАП у чырвонай майцы, які ўдзельнічаў у затрыманьні, ягоныя калегі называлі мянушкай “Маразільнік”. На вуліцы і ў аўтобусе асобы, якія праводзілі затрыманьне, выкарыстоўвалі ў адрас непаўналетняга нецэнзурную лаянку і выказвалі яму пагрозы. Супрацоўнікі міліцыі абражалі майго сына, зьневажалі яго чалавечую годнасьць. Трэба адзначыць, што майму сыну так і не растлумачылі прычыну затрыманьня. Акрамя таго, ня быў складзены пратакол аб адміністратыўным затрыманьні, што парушае па¬трабаваньне арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь. У парушэньне патрабаваньняў арт. 240 КаАП аб месцазнахо¬джаньні сына не было паведамлена ані мне, ані маёй жонцы. Лічу, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да майго сына зьяўляюцца незаконнымі, перавышаюць службовыя паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і парушаюць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, нормы КаАП Рэспублікі Беларусь, законныя правы дзіцяці. Ніякіх законных падставаў, прадугледжаных арт. 19 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, для выкарыстаньня фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі не было.
Таксама незаконна, без складаньня пратаколу выняцьця, былі забраныя асабістыя рэчы майго сына. Ён не аказваў супраціўленьня і іншага супраць¬дзеяньня не аказваў. У сувязі з вышэйсказаным, кіруючыся арт. 6 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры”, прашу:

1. Правесьці пракурорскую праверку названых фактаў;
2. Прыцягнуць вінаватых асобаў да вызначанай законам адказнасьці;
3. У працэсе праверкі выкладзеных фактаў апытаць відавочцаў незаконнага затрыманьня майго сына: Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча і Афнагеля Яўгена Ігаравіча».
Па гэтым факце праводзілася пракурорская праверка, у выніку якой ва ўзбуджэньні крымінальнай справы было адмоўлена. У адказе з пракуратуры было сказана, што «супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў межах сваіх законных паўнамоцтваў».
4. Факты жорсткага абыходжаньня, зьвязаныя з падзеямі 21 ліпеня 2004 году.

21 ліпеня ў Менску адбыліся масавыя акцыі пратэсту, прымеркаваныя да 10-годзьдзя прэзідэнцкага кіраваньня А.Лукашэнкі. Увечары 21 ліпеня моладзь пачала зьбірацца ў раёне пл. Якуба Коласа, што ў цэнтры Менску. Праз некалькі хвілінаў АМАП пачаў выціскаць прысутных з плошчы. Моладзь, якая паспрабавала арганізаваць шэсьце па ходніку, была акружаная АМАПаўцамі, якія пачалі масавыя затрыманьні з выкарыстаньнем фізічнай сілы і сьпецыяльных сродкаў (гумавыя дубінкі). У гэты дзень было затрымана больш за 70 чалавек. 20 чалавек, затрыманых пасьля мітынгу, супрацоўнікі АМАПу вывезьлі на двух аўтобусах за 20 кіламетраў ад Менску ў накірунку г. Барысаву і пакінулі ў лесе. Па дарозе супрацоўнікі мілі¬цыі зьдзекваліся з затрыманых, зьбівалі іх.

Большасьць з затрыманых удзельнікаў акцыі 21 ліпеня былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці па арт. 167.1 КаАП Рэспублікі Беларусь у вы¬глядзе адміністратыўных арыштаў ад 3 да 15 сутак і штрафам.

а) Факты жорсткага абыходжаньня, пацьверджаныя ў скарзе Сяргея Кунца 21.07.04. году.

У скарзе сказана: «21 ліпеня 2004 году я, Кунец Сяргей, вяртаўся з канцэрту і санкцыянаванага рашэньнем Менгарвыканкаму мітынгу, якія праходзілі на пл. Бангалор у Менску. Разам са сваімі знаёмымі я планаваў паехаць на вакзал, каб пасьпець дабрацца дамоў у Барысаў. Каля 21.00 у двары аднаго з дамоў мяне разам з іншымі людзьмі пачалі за¬трымліваць супрацоўнікі АМАП і гвалтоўна зацягваць у аўтобус. Пры гэтым супрацоўнікі АМАП не патлумачылі мне прычыну майго затрыманьня. Ні я, ні мае знаёмыя ня мелі пры сабе ніякіх плакатаў, сьцягоў і транспарантаў. Лозунгаў не выкрыквалі, ніякім іншым чынам грамадзкі парадак не парушалі. Пасьля таго, як мяне затрымалі, я быў зьмешчаны ў аўтобус. У аўтобусе ўжо знаходзіліся некалькі дзясяткаў маладых людзей. Сярод іх былі мае знаёмыя: Лут Уладзімір, Вайцяховіч Вікторыя, Сіліч Яўген. На патрабаваньні патлумачыць прычыны затрыманьня супрацоў¬нікі АМАП не рэагавалі, зьневажалі нас нецэнзурнай лаянкай, пагражалі ўжываньнем фізічнай сілы ў адносінах да мяне ды іншых затрыманых асобаў. Пасьля аўтобус паехаў у невядомым накірунку. Праз некаторы час супрацоўнікі АМАП ў грубай форме загадалі ўсім затрыманым пакінуць аўтобус. Калі ўсе людзі выйшлі з аўтобусу, аўтобус разьвярнуўся і зьехаў. Таксама паступілі і з затрыманымі, якія знаходзіліся ў другім аўтобусе. Як высьветлілася, супрацоўнікі АМАПу вывезьлі мяне ды іншых затрыманых асобаў прыкладна за 20 кіламетраў ад Менску па Магілёўскай шашы. Варта адзначыць, што мне так і не патлумачылі прычыну майго затрыманьня. Апрача таго, пра адміністратыўнае за¬трыманьне ня быў складзены пратакол, што парушае арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь.Таксама ў парушэньне патрабаваньняў арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь пра маё месцазнаходжаньне не было паведамлена маім бацькам, хаця такая просьба неаднаразова выказвалася супрацоўнікам АМАП. Шмат хто з затрыманых быў непаўнагадовым. Таксама супрацоўнікі АМАП дапускалі ў мой адрас абразы, прыніжалі маю чалавечую годнасьць. Апрача таго, хачу зьвярнуць увагу на тое, што пасьля затрыманьня я ня быў дастаўлены для разьбіральніцтва ў РУУС і ГАМ, а вывезены за горад і высаджаны там. Лічу дзеяньні супрацоўнікаў АМАП незаконнымі, перавышаючымі іх службовыя паўнамоцтвы, а таксама патрабаваньні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі».

Кунец Сяргей абскардзіў незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, ён патрабаваў правесьці праверку, а таксама прыцягнуць да адказнасьці вінаватых па гэтай справе.

б) Зьбіцьцё Руслана Харкевіча 21.07.04 году.

Падчас акцыі Харкевіч Руслан быў зьбіты АМАПаўцамі, у выніку чаго з міліцыі яго забрала «хуткая дапамога» з прычыны рэзкага пагаршэньня здароўя. Падчас затрыманьня АМАПаўцы яму моцна сьціснулі грудную клетку.
27 ліпеня суд Савецкага раёну спагнаў з Руслана Харкевіча штраф у 20 базавых велічыняў (180 даляраў).

в) Зьбіцьцё Міхаіла Аўдзеева 21.07. 04 году.

Актывісту руху “Зубр” Міхаілу Аў¬дзееву, які трапіў у бальніцу пасьля зьбіцьця на акцыі 21 ліпеня, зробленая аперацыя. 17-гадовы актывіст “Зубра” быў шпіталізаваны 22 ліпеня ў 1-е траўматалагічнае аддзяленьне бальніцы «хуткай дапамогі» з падазрэньнем на разрыў селязёнкі. У той жа дзень яму была зробленая аперацыя. Падазрэньні на разрыў селязёнкі не пацьвердзіліся, але была выяўленая і выдаленая буйная гематома ў раёне гэтага органу, якая зьявілася ў выніку ўдару

5. Зьбіцьцё Дзьмітрыя Кучынскага 29.06.04 году.

Скарга Дзьмітрыя Кучынскага на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі была пададзеная ў пракуратуру Партызанскага раёну г. Менску 29.06.04 году.
Дз.Кучынскі быў затрыманы 27 чэрвеня 2004 году ў раёне парку імя Горкага супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў апорны пункт аховы грамадзкага парадку №70 Партызанскага РУУС. На яго быў складзены пратакол адміністратыўнага правапарушэньня па ч.3 арт 172 КаАП – «распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных». У скарзе Дз. Кучынскага сказана: «Супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі мне мае правы, прадугледжаныя арт. 247 КаАП Рэспублікі Беларусь, не паведамілі пра маё затрыманьне бацькам (я зьяўляюся непаўнагадовым), спрабавалі правесьці дагляд маіх асабістых рэчаў без складаньня пратаколу пра догляд рэчаў і пратаколу выняцьця друкаванай прадукцыі. Сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі міліцыі груба парушылі патрабаваньні КаАП Рэспублікі Беларусь. Калі я ўказаў супрацоўнікам міліцыі на іх незаконныя дзеяньні, капітан міліцыі Жэбіт Іван Аляксандравіч нанёс мне некалькі ўдараў рукамі ў вобласьць галавы, а таксама некалькі ўдараў па целе і нагах. Сьведкам зьбіцьця мяне капітанам міліцыі стаў Аляксандр Шэлег, які знаходзіўся ў гэты момант у памяшканьні апорнага пункту, у якім гэта адбывалася. Я лічу дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі, перавышаючымі службовыя паўнамоцтвы, парушаючымі Закон Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі», нормы КаАП Рэспублікі Беларусь, мае законныя правы. Ніякіх законных падставаў дзеля ўжываньня ў адносінах да мяне фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў мі¬ліцыі не было, я не аказваў супрацоўні¬кам міліцыі ніякага супраціўленьня».

Дз. Кучынскі прасіў правесьці пракурорскую праверку ўказаных фактаў, прыцягнуць капітана Івана Жэбіта да вызначанай законам адказнасьці. Крымінальная справа не была ўзбуджаная.

6. Зьбіцьцё непаўнагадовага Максіма Громава 25.05.04 году.

Па факту зьбіцьця непаўнагадовага Максіма Громава была пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёну г. Менску. Па ёй праводзіцца праверка.
Максім Громаў быў затрыманы 25.05.04 г. у 2 гадзіны ночы ў Менску на перакрыжаваньні вул.Казлова і пр. Скарыны. У скарзе Максім Громаў указваў наступныя факты: «Пры затрыманьні супрацоўнікамі міліцыі ў адносінах да мяне былі ўчыненыя гвалтоўныя дзеяньні, якія выявіліся ў нанясеньні мне ўдараў рукамі і гумавымі дубінкамі. Супрацоўнікі міліцыі нанесьлі мне некалькі ўдараў гумавымі дубінкамі па руках, нагах і сьпіне, а пасьля пачалі зьбіваць мяне рукамі па галаве. Пры гэтым ніякіх падставаў дзеля ўжываньня супраць мяне фізічнай сілы не было. Я не аказваў супраціўленьня альбо непадпарадкаваньня міліцыянерам, не спрабаваў ад іх зьбегчы, Пасьля таго, як супрацоўнікі міліцыі нанесьлі мне некалькі ўдараў, я быў затрыманы і дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну г. Менску, дзе на мяне быў складзены пратакол пра адміністратыўнае правапарушэньне. Са складзенага пратаколу я даведаўся прозьвішчы міліцыянераў, якія затрымлівалі і зьбівалі мяне – Сованаў Г. і Тарнаповіч В. Абодва зьяўляюцца супрацоўнікамі міліцыі РУУС Савецкага раёну г. Менску. У выніку зьбіцьця я быў вымушаны 26.05.04 г. зьвярнуцца па медыцынскую дапамогу ў 9-ую клінічную бальніцу г. Менску. Пры аглядзе дзяжурным урачом мне быў пастаўлены дыягназ «сатрасеньне галаўнога мозгу лёгкай ступені, удары мяккіх тканкаў галавы». Мне было рэкамендавана зьвярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства да неўрапатолага. Лічу, што сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі міліцыі Сованаў Г. і Тарнаповіч В. дапусьцілі перавышэньне сваіх службовых паўнамоцтваў, груба парушылі патрабаваньні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб мілі¬цыі», нанесьлі шкоду майму здароўю. У адпаведнасьці з арт.18 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі», міліцыя ўжывае фізічную сілу, сьпецыяльныя сродкі толькі ў тым выпадку, калі іншым чынам выкананьне службовых паўнамоцтваў не зьяўляецца магчымым. У адпаведнасьці з арт. 19 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» фізічная сіла ўжываецца міліцыяй для папярэджаньня і спыненьня правапарушэньня, самаабароны, пераадоленьня супрацьдзеяньня законным патрабаваньням міліцыі, калі негвалтоўныя спосабы не забясьпечваюць выкананьня ўскладзеных абавязкаў. Ніякіх падобных дзеяньняў я не ўчыніў, у сувязі з чым падставаў для ўжываньня ў адносінах да мяне фізічнай сілы з боку міліцыі не было».

У скарзе Максім Громаў прасіў правесьці праверку ўказаных фактаў, узбудзіць крымінальную справу ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі Сована-ва Г. і Тарнаповіча В.

7. Зьбіцьцё Андрэя Козела 25.03.04 году.

25 сакавіка ў Менску адбылася акцыя, прымеркаваная да ўгодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якое адбылося 25 сакавіка 1918 году.
25 сакавіка ў Менску на плошчы Свабоды быў затрыманы і зьбіты Андрэй Козел, намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Сьведчаньні Андрэя Козела, затрыманага і зьбітага 25 сакавіка: “На плошчу Свабоды я пад”ехаў прыкладна ў 16.50. На плошчы на той момант прысутнічала каля 40 чалавек, якія сабралі¬ся, каб адсьвяткаваць угодкі абвяшчэньня БНР. Брытагаловыя людзі заламалі мне рукі і павялі ў накірунку, дзе стаяў АМАПаўскі «ЗІЛ» (па дарозе да грузавіка-аўтобуса адзін з іх некалькі разоў ударыў мяне ў жывот). Закінуўшы мяне ў грузавік, пачалі зьбіваць: па твары, па нырках, жываце і руках. Прычым усё адбывалася вельмі жорстка, і адзін з іх паўтараў: «Да мы такіх, як ты, у Чачэніі...». Праз пэўны час яны пачалі з яшчэ большай злосьцю зрываць з маіх плячэй нашыўкі з бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй». Пасьля таго, як я пагаварыў з журналістам па мабільным тэлефоне, чалавек у цывільным мяне ўдарыў і выхапіў у мяне тэлефон. У 19.50 мяне адпусьцілі, мне было досыць цяжка рухацца і цяжка дыхаць».

26 сакавіка Андрэй Козел падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску, да скаргі ён дадаў дадзеныя медыцынскай эксьпертызы, якія сьведчылі аб зьбіцьці.

II. ВЫНІКІ АБСКАРДЖАНЬНЯ.

Пракуратура Ленінскага раёну Менску адмовілася ўзбуджаць крымінальныя справы па фактах зьбіцьця 19 кастрычніка лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, журналістаў ды іншых грамадзянаў, якія накіроўвалі ў пракуратуру скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Супрацоўнікі пракуратуры ня выявілі складу злачынства ў дзеяньнях супрацоўнікаў АМАПу якія зьбівалі ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Ніводная з пададзеных скаргаў па падзеях 19-25 кастрычніка ў Менску не была задаволеная.

Не былі ўзбуджаныя крымінальныя справы і па іншых скаргах ахвяраў катаваньняў, прыведзеных у дадзеным дакладзе.

III. ВЫСНОВЫ.

На падставе прыведзеных фактаў Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе:

1. У Рэспубліцы Беларусь маюць наяўнасьць факты выкарыстаньня катаваньняў ды іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня.
2. Органы пракуратуры, іншыя дзяржаўныя органы не даюць належную ацэнку фактам катаваньняў, адмаўляюць ва ўзбуджэньні крымінальных справаў па дадзеных фактах.
3. Рэспубліка Беларусь не выконвае абавязацельстваў ратыфікаванай ёй “Канвенцыі супраць катаваньняў ды іншых бесчалавечных альбо прыніжаючых відах абыходжаньняў і пакараньняў” ад 10 сьнежня 1984 году.
Напэўна, ніколі за апошнія гады беларускія ўлады не вялі такога шалёнага наступу на незалежныя сродкі масавай інфармацыі: у сферы свабоды сродкаў масавай інфармацыі адбылося тое, што можна назваць «зачысткай інфармацыйнай прасторы». Барацьба са свабодай слова была распачатая яшчэ ў 2001 го¬дзе, падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта, як частка інфармацыйнай палітыкі дзеючага прэзідэнта. Аднак была надзея, што хваля рэпрэсіяў супраць журналістаў мае выключна перадвыбарчы характар. Выбары адбыліся, але ўзаемаадносіны прэсы і ўладаў у 2002 годзе не палепшыліся, а нават істотна пагор¬шы¬ліся. Аўтарытарны рэжым абвясьціў сапраўдную вайну адзінаму кантрольнаму механізму, які хоць неяк абмяжоўваў свавольства ўлады – незалежнай прэсе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства