Газета “Прессбол” можа спыніць сваё існаваньне
Спартовая газэта “Прессбол” мусіць пачаць кампэнсоўваць маральныя страты міністру фінансаў Мікалаю Корбуту, які паралельна ўзначальвае Беларускую асацыяцыю гімнастыкі. Разам газэта і галоўны рэдактар павінны выплаціць чыноўніку 40 мільёнаў рублёў, альбо блізу 20 тысяч даляраў. Судовая калегія Менскага гарадзкога суду пакінула ў сіле ранейшае рашэньне суду Цэнтральнага раёну сталіцы.
Галоўны рэдактар газэты “Прессбол” Уладзімер Беражкоў заклапочаны будучыняй газэты і немалога працоўнага калектыву. Ён не выключае, што газэта вымушаная будзе спыніць існаваньне.
Тым ня меней, дырэктар унітарнага прадпрыемства “Прессбол-плюс” Юры Арлоў кажа, што спробаў штосьці аспрэчваць з боку “Прессбола” больш ня будзе: “Больш нікуды апэляцыяў падаваць ня будзем, бо гэта, калі можна так сказаць, была “праверачная” касацыя. Звычайна такі крок робяць, каб праверыць: можна штосьці зьмяніць, ці не? Цяпер мы проста пераканаліся: нічога зьмяніць нельга”.
Ад пачатку міністар фінансаў і кіраўнік Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Мікалай Корбут патрабаваў ад спартовай газэты “Прессбол” 70 мільёнаў рублёў, ці больш за 30 тысяч даляраў. Падставай для пазову стаў артыкул журналіста Сяргея Вярсоцкага, у якім сьцьвярджалася, што ў намесьніках міністра — асоба, якую шукае Інтэрпол за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы. Як аказалася, грамадзянін Расеі Андрэй Іманалі, пра якога пісаў “Прессбол”, сапраўды, ёсьць намесьнікам Корбута, але ў асацыяцыі гімнастыкі.
4 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску, разгледзеўшы пазоў Мікалая Корбута, пастанавіў спагнаць з рэдакцыі і рэдактара Ўладзімера Беражкова разам 40 мільёнаў рублёў. А напярэдадні судовая калегія Менскага гарадзкога суду пакінула гэтае рашэньне ў сіле.
Яшчэ да Новага году Мікалай Корбут казаў, што адсуджаныя ў “Прессбола” грошы пойдуць на патрэбы падшэфнага міністэрству калгаса. Аднак падчас апошніх судовых паседжаньняў міністар зьмяніў рашэньне і заявіў, што сродкі яму патрэбныя на лячэньне, паведаміла Радыё Свабода.