Медыйная выстава без незалежных СМІ
28 красавіка ў Мінску распачалася ХІІ Міжнародная выстава “СМІ ў Беларусі – 2008”, на якой не прадстаўлена аніводнага незалежнага грамадска-палітычнага беларускага выдання.
Цырымонія адкрыцця пачалася пад гукі марша і пампезныя выступы высокіх службовых асобаў Беларусі. Міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч заявіў, што сёлета ў выставе бярэ ўдзел “беспрэцэдэнтня колькасць сродкаў масавай інфармацыі” з больш як дзесяці краінаў свету - Кітая, Індыі, Раіі, а таксама Літвы і Латвіі, хаця стэнды апошніх у павільёне “Белэкспа”, дзе адбываецца імпрэза, карэспандэнт “Нямецкай хвалі” не заўважыў.
Паводле Русакевіча, “гэта сведчанне цікавасці да развіцця беларускай прэсы, цікавасці да творчасці беларускіх журналістаў. Асаблівыя словы вітання і ўдзячнасці вышэйшым службовым асобам Рэспублікі Беларусь, членам ураду, прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваным у Рэспубліцы Беларусь”.
Зварот да ўдзельнікаў выставы Аляксандра Лукашэнкі зачытаў кіраўнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Усевалад Янчэўскі: “Інфармацыйная прастора не можа быць арэнай спаборніцтва ў тыражаванні палітычных спекуляцый, - адзначаецца ў звароце кіраўніка дзяржавы. – У сённяшнім неспакойным свеце вельмі важна даносіць да людзей узважаную і даставерную інфармацыю, усведамляючы ўсю меру адказнасці за кожнае друкаванае і эфірнае слова”.
Выстава афіцыёзу
На выставе маюцца стэнды амаль усіх дзяржаўных медыяў, у тым ліку шмат рэгіянальных, а таксама выданняў розных міністэрстваў і ведамстваў. У той жа час, немагчыма знайсці стэнд аніводнага незалежнага грамадска-палітычнага выдання ці замежнага электроннага СМІ, якія крытычна ставяцца да становішча ў Беларусі.
Як паведаміў намеснік старшыні беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, “раней запрашалі выступіць у якасці суарганізатараў Беларускую асацыяцыю журналістаў, але зараз такога запрашэння мы ўжо не атрымлівалі. Нажаль, падыход да паняцця “сродкі масавай інфармацыі” у нас і ў Міністэрства інфармацыі розны, пад гэтым мы разумеем розныя рэчы”.
Не атрымлівалі такога запрашэння і асобныя незалежныя выданні. Як адзначыў галоўны рэдактар зарэгістраванай у беларускім Міністэрстве інфармацыі газеты “Новы час” Аляксей Кароль, “шмат гадоў запар незалежныя СМІ не запрашаюцца ні на адну імпрэзу, якую арганізуе тая ці іншыя афіцыйная ўстанова. Так што гэта ўжо традыцыя і гэта ў логіцы паводзін уладаў, якія ніколі і нідзе не запрашаюць незалежныя СМІ і лічаць, што іх увогуле не існуе і што ўся грамадская думка прадстаўленая менавіта імі”.
Рэзервацыя для незалежных СМІ
Мэтаю такога стаўлення, з меркавання Аляксея Караля, ёсць “поўная ізаляцыя інфармацыйнае прасторы ад аб’ектыўных крыніц інфармавання”.
Чыноўнікі апошнім часам шмат кажуць пра дынамічнае развіццё СМІ ў Беларусі. Аднак, намеснік кіраўніка БАЖ Андрэй Бастунец бачыць сітуацыю па-іншаму: “Не развіваюцца ні дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, ні, нажаль, недзяржаўныя. Недзяржаўныя выціснутыя ў такую рэзервацыю, дзе яны не маюць выхаду ні да чытачоў, ні да дзяржаўных сродкаў распаўсюду (гэта тычыцца большасці недзяржаўных выданняў), і тут цяжка казаць пра дынамічнае развіццё. А што тычыцца дзяржаўных СМІ, то іх наклады таксама не растуць, хаця, здавалася б, яны знаходзяцца па-за канурэнцыяй, і кожны год расце аб’ём сродкаў, якія выдзяляюцца на падтрымку дзяржаўных медыяў. У гэтым годзе гэта ўжо больш за 70 мільёнаў даляраў”.
У гэты ж дзень на цырымоніі адкрыцця выставы адбылося ўручэнне ганаровых дыпломаў за лепшыя публікацыі па пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва сярод кіраўнікоў рэспубліканскага, абласнога, гарадскога і раённага ўзроўняў. Іх уладальнікамі сталі міністр аховы здароўя Васіль Жарко, міністр абароны Леанід Мальцаў, іншыя высокія чыноўнікі.