viasna on patreon

Жана Літвіна: "Мы па рознаму разумеем сваё прызначэньне ў грамадзтве"

2008 2008-04-30T14:02:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Грамадзкі рэдактар тыдня на «Свабодзе» старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Жана Літвіна разважае аб праблематыцы айчыннай журналістыкі.

Жана Літвіна нарадзілася ў адзін дзень, месяц і год з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна — прафэсійны журналіст. Працавала галоўным рэдактарам Галоўнай рэдакцыі вяшчаньня для моладзі (да 1994 г.), Генэральным дырэктарам акцыянэрнага таварыства «БМ Інфарм». «Беларускую асацыяцыю журналістаў» ўзначаліла ў 1995-м, калі незалежныя СМІ ўпершыню мусілі друкавацца за мяжой і фактычна пачаўся пасьлядоўны перасьлед свабоднай прэсы, выцісканьне яе зь інфармацыйнай прасторы краіны. Не выпадкова чарговы грамадзкі рэдактар тыдня замовіла нашым журналістам падрыхтаваць тэматычную перадачу — «Чаму грамадзтва не рэагуе на абмежаваньне свабоды прэсы?»

Вось некалькі цытат-развагаў зь яе інтэрвію беларускай прэсе аб праблематыцы айчыннай журналістыкі

… — Пэрыяд ад развалу СССР да 1994 году быў эпохай Рэнэсансу, росквіту незалежнай журналістыкі. Менавіта тым часам зьявілася абсалютна новая генэрацыя прафэсіяналаў, для якіх асноўнай прыкметай дзейнасьці сталі стандарты журналісцкай работы. Тады ўпершыню мы адкрывалі для сябе, што такое факт і як зь ім трэба абыходзіцца. Я б нават гаварыла не столькі пра журналістыку, колькі пра пашырэньне сфэры публічнасьці.

… — Літаральна празь некалькі месяцаў пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў была ўведзеная жорсткая цэнзура і цэнтральныя газэты выйшлі з «белымі плямамі». Зь іх распачалася маштабная вайна афіцыйнай улады за ўстанаўленьне ў Беларусі татальнага аднадумства. Для журналістаў гэта азначала канец сьвята непаслухмянасьці.

… — Зь лістапада 2005 году напярэдадні выбараў распачаўся працэс «выпіхваньня» незалежных выданьняў спачатку з падпісных каталёгаў, а пасьля з сыстэмы распаўсюду. Напярэдадні выбараў незалежную прэсу, якая мела ўласную пазыцыю, «прыбіралі» з інфармацыйнай прасторы. Сем выданьняў былі вымушаныя друкавацца за межамі краіны.
Судовыя справы па абароне гонару і годнасьці прыбліжаных да ўлады асобаў, сталіся яшчэ адным мэханізмам, які даводзіў газэты да мяжы банкруцтва.

У траўні 2006-га чыноўнікі высокага рангу пачалі жорстка навязваць сваё бачаньне ролі СМІ ў грамадзтве. Чаго вартыя, напрыклад, словы спадара Чаргінца: «средства массовой информации должны постичь логику власти, соотнести её с логикой обстоятельств жизни».

***

Чаму беларускія журналісты адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята ў розныя дні?

Літвіна: «На жаль, на вялікі жаль у нас два сьвяты: адная палова журналістаў сьвяткуе трэцяга траўня Сусьветны дзень свабоды слова, другая частка — пятага траўня, па савецкай традыцыі… Але сутнасьць самой праблемы, зьвязанай з нашай прафэсіяй, па вялікім рахунку не мяняецца».

Уліцёнак: «А ў чым яна, гэтая сутнасьць?»

Літвіна: «Мы губляем прэстыжнасьць, элітнасьць сваёй прафэсіі. І як вынік — гэта тое, што ўсе, асабліва незалежныя журналісты, становяцца закладнікамі, я б сказала — „вольнага“ стаўленьня чыноўнікаў, службоўцаў да заканадаўства».

Уліцёнак: «Зусім нядаўна галоўны рэдактар „СБ-сегодня“ Павал Якубовіч скардзіўся, што ён просіць Жану Літвіну пра ўзаемнае супрацоўніцтва, а канструктыўнага адказу — няма. Чаму?»

Літвіна: «Сапраўды, я вымушаная канстатаваць, што ніколі не ўдалося паставіць подпісы кіраўніцтва дзвюх арганізацыяў пад нейкімі нашымі прафэсійнымі патрабаваньнямі. А няма гэтай кансалідацыі відаць таму, што мы па рознаму разумеем сваё прызначэньне ў грамадзтве».

Уліцёнак: «Атрымліваецца, трэцяга траўня будуць сьвяткаваць «нячэсныя», а пятага — «чэсныя»?

Літвіна: «Я б нават не гаварыла пра „чэсных-нячэсных“. Проста Трэцяе траўня — сьвята тых, хто прытрымліваецца стандартаў сучаснай міжнароднай журналістыкі і аднаго з асноўных пунктаў дэклярацыі БАЖу — не абслугоўваць уладу. А нашыя калегі, на жаль, сёньня бяруць на сябе функцыю прапагандыстаў, ідэолягаў».

Уліцёнак: «Няўжо журналісты-бажаўцы такія бездакорныя?»

Літвіна: «Ёсьць хібы і ў незалежнай журналістыцы. Часьцяком мы бярэм на сябе функцыю палітолягаў, тыражуем свае ўласныя меркаваньні — гэта таксама не бездакорная журналістыка».

Уліцёнак: «А як у цэлым вы ацэньваеце стан дзяржаўнай журналістыкі: там усё суцэльна дрэнна, там усё суцэльна ідзе на абслугу ўлады?»

Літвіна: «Я больш за ўсё маю на ўвазе тых, хто працуюць у інфармацыйных службах, робяць аналітычныя, палітычны праграмы.

Па вялікім рахунку пазбавіцца ад асноўных нашых болек і праблемаў можна толькі шляхам вырашэньня звышзадачы — гэта адлучэньне прэсы ад улады ці ўлады ад прэсы. Калі мы з гэтым ня справімся, то праблемы нашыя будуць яшчэ больш паглыбляцца і будуць рабіцца яшчэ больш складанымі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства