viasna on patreon

Сталічная пракуратура паўторна разгледзіць пытанне аб вяртанні журналістам маёмасці

2008 2008-04-30T14:24:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пытанне аб вяртанні журналістам камп’ютараў і іншай маёмасці, адабранай падчас ператрусаў 27 і 28 сакавіка, «будзе разгледжана паўторна пасля заканчэння даглядаў гэтай маёмасці». Пра гэта паведамляецца ў чарговым адказе з пракуратуры г. Мінска на зварот ГА «БАЖ».

Сталічная пракуратура ў чарговы раз заявіла, што ператрусы адбыліся ў сувязі з правядзеннем папярэдняга расследавання па распачатай ў 2005 г. крымінальнай справе супраць А. Мініча, П. Марозава і А. Абозава, якіх абвінавачваюць у «паклёпе на прэзідэнта» (ч. 1 арт. 367 КК РБ).

Паводле начальніка следчага аддзела пракуратуры Мінска Сяргея Іванова, які падпісаў ліст, пастановы на правядзенні ператрусаў былі вынесеныя «пры наяўнасці дастатковых падстаў і ў адпаведнасці з патрабаваннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства».

«Выклікае здзіўленне, што дагляд адабранай падчас ператрусаў маёмасці праводзіцца вельмі доўга, — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў. — Відавочна, што гэта рэчы, якія, на наш погляд, не маюць ніякага дачынення да крымінальнай справы — навушнікі, дынамікі, дыктафоны, фотаапараты, разнастайная друкаваная прадукцыя легальная зместу і іншае».

У пачатку красавіка ГА «БАЖ» звярнулася да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча ў сувязі з ператрусамі ў кватэрах незалежных журналістаў і шэрагу офісаў 27 і 28 сакавіка. У лісце БАЖ настойвала на «ўзнаўленні законнасці, вяртанні адабранай маёмасці, а таксама на абароне правоў і законных інтарэсаў журналістаў».

У звароце таксама быў выказаны сумнеў, «што ператрусы мелі пад сабою законныя і дастатковыя падставы». Копіі звароту былі накіраваныя кіраўніку беларускага КДБ Юрыю Жадобіну і пракурору Мінска Мікалаю Куліку. У хуткім часе Генеральны пракурор адказаў, што перанакіраваў зварот БАЖ у сталічную пракуратуру. Адказу з КДБ пакуль не было.


 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства