«Товарищ» запрашае на «маёўку»
Прэзентацыя недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты «Товарищ» адбудзецца 1 мая ў сталічным парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор у межах санкцыянаванага святочнага мерапрыемства з нагоды «свята вясны и працы».
Рэдакцыя недзяржаўнага незаалежнага выдання запрашае мінчан і гасцей горада прыйсці на свята, якое пройдзе з 12 да 15 гадзін.
«Мы размесцім стэнд газеты „Товарищ“. З рэгіёнаў запрошаныя пазаштатныя аўтары і распаўсюднікі газеты. Лепшым будуць ўручаныя прызы і ўзнагароды. Таксама мы плануем прэзентаваць сайт нашага выдання. Адмыслова да свята выйдзе спецвыпуск „Товарища“. Будзе зладжаны шахматны турнір на прызы газеты. Ва ўсіх ахвотных будзе магчымасць аформіць падпіску», — распавёў пра планы ў гутарцы з прэс-службай БАЖ рэдактар выдання Сяргей Вазняк.
У межах прэзентацыі газеты чытачам будзе прадстаўлены таксама зборнік лепшых твораў Эдуарда Яснага, былога галоўнага рэдактара газеты.
С. Вазняк паабяцаў, што «маёўка» пройдзе ў нестандартным фармаце: «Мінімум палітыкі, у асноўным культурна-забаўляльная праграма з удзелам самадзейных музычных калектываў».
Арганізатарамі свята выступіла Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ).