Ад Віцебскай вобласьці ў парламенце стане на два дэпутаты меньш
У газэце "Савецкая Беларусь" (№ 117 ад 26.06.2008 г.) была апублікавана пастанова Цэнтравыбаркаму № 16 ад 25 чэрвеня гэтага года "Аб стварэньні выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня" з адпаведным дадаткам межаў выбарчых акругаў.
Аналіз прапанаванай "нарэзкі" акругаў паказвае, што ў Віцебскай вобласьці іх колькасьць зьнізілася аж на два. Гэта азначае, што і дэпутатаў у парламенце ад вобласьці будзе на столькі ж меньш.
У параўнаньні з мінулай парламенцкай кампаніяй адбыліся істотныя зьмены ў Аршанскім рэгіёне. Так, у Лепельскую акругу № 23 увайшоў новы раён - Бешанковіцкі. Аршанскі-Дняпроўскую акругу № 27 на гэтыя выбары ўтвараюць Аршанскі (раней падзяляўся на дзьве акругі) раён, да яго ж упершыню далучылі і Дубровеньскі. У склад Сеньненскай выбарчай акругі № 30 у поўным складзе ўвайшоў Лёзненскі раён.
У парушэньне Выбарчага кодэксу, які прадугледжвае прыблізную колькасьць выбаршчыкаў у акрузе ад 60000 да 70000, у Лепельскай № 23 іх прадугледжваецца 70337 чалавек, у астатніх жа - у межах дапушчальнага.
Па словах старшыні Аршанскай гарадской арганізацыі АГП З. Храпавіцкага "перанарэзка" акругаў ускладніць працу лакальных кааліцый Аб'яднаных дэмсілаў, бо у шэрагу акругаў прыйдзецца зноў праводзіць працэдуру вызначэньня адзінага кандыдата ад АДС.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"