Віцебск: Рэгістрацыя кандыдатаў прайшла са стратамі
27 жніўня адбыліся паседжанні акруговых камісій Віцебскай-Чыгуначнай (№19) і Віцебскай-сельскай (№21) выбарчых акруг, на якіх вырашалася пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.
На паседжанні акруговай камісіі №19 прысутнічалі назіральнік ад БХК Іосіф Навумчык, назіральнікі ад АБСЕ і СНД і абласное тэлебачанне. Выбаршчыкаў у колькасці 6-ці чалавек старшыня камісіі І.Рыцько на паседжанне камісіі не дапусціў, нягледзячы на наяўнасць вольных месцаў у зале.
На паседжанні акруговай камісіі №21 назіральнікаў не было. Прысутнічаў журналіст Валеры Шчукін, журналісты абласных газет «Народное слово» и «Жизнь Придвинья», а таксама два невядомых чалавекі, якія, як пасля высветлілася, з’яўляюцца супрацоўнікамі выканкама (прадставіцца адмовіліся).
У камісію №19 былі пададзеныя пакеты дакументаў ад трох прэтэндэнтаў: Ігара Каныгіна, Андрэя Левінава, Сяргея Сямашкі. Усе трое былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты. У камісіі паўстала пытанне, якім чынам пазначаць месца працы кандыдата Андрэя Левінава, звольненага з органаў унутраных спраў падчас збору подпісаў. У анкеце Андрэй Левінаў ўказаў: "з 13 жніўня 2008 года часова не працую", старшыня камісіі І.Рыцько прапаноўваў указаць як "часова не працуе". Пытанне засталося адкрытым да кансультацый з Цэнтральнай камісіяй.
Па выбарчай акрузе №21 першапачаткова планавалі балатавацца 5 прэтэндэнтаў, аднак цяперашні дэпутат ППНС РБ У.Лектараў па невядомай прычыне дакументы ў камісію не здаў.
З 4-х здаўшых зарэгістравалі кандыдатамі толькі дваіх: Аўтухова Леаніда Аляксандравіча-(Партыя БНФ, рух "ЗА СВАБОДУ!"), Байкова Васіля Міхайлавіча - былога нам. старшыні Віцебскага аблвыканкаму (узначальвае камітэт па экалогіі).
Бяловай Наталлі - (ЕС) і Мікуліну Аляксандру - прадпрымальніку (АДС) было адмоўлена ў рэгістрацыі ў сувязі з недакладнымі подпісамі выбаршчыкаў.
28 жніўня запланаваныя паседжанні акруговых выбарчых камісій Віцебскага-Чкалаўскага (№18) і Віцебскага-Кастрычніцкага (№20) выбарчых акруг.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"