Пакараныя ў “справе 14-ці” фактычна пад хатнім арыштам
Пакараныя ў “справе 14-ці” пачалі станавіцца на ўлік, каб адбываць абмежаваньне волі за арганізацыю масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня. Згодна з прадпісаньнем, умовы пакараньня блізкія да хатняга арышту. Старшыня моладзевай камісіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Алесь Стральцоў наведаў сёньня міліцыю Цэнтральнага раёну. Там яму ўручылі некалькі папераў, у якіх выкладзеныя правілы адбыцьця пакараньня.
Нагадаем: улады абвінавацілі 14 чалавек у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца 21 студзеня падчас акцыі прадпрымальнікаў. Андрэя Кіма абвінавацілі яшчэ ў пагрозе міліцыянту 10 студзеня. Суд у два этапы пакараў 13 чалавек. Уладзімера Сяргеева і Антона Койпіша штрафам, а астатніх актывістаў – абмежаваньнем волі на розныя тэрміны. Адбываць пакараньне яны будуць па месцы жыхарства.
Алесь Стральцоў паведаміў “Свабодзе”:
“На практыцы гэта азначае, што я не магу наведваць кватэры іншых людзей. Я не магу наведваць выставы і, увогуле, ніякія культурна-масавыя мерапрыемствы, ня кажучы ўжо пра палітычныя. Я не магу звольніцца з працы на ўласнае жаданьне. Калі ў мяне няма працы – а цяпер у мяне яе няма – то я абавязаны цягам 15 дзён яе знайсьці, або мне загадаюць куды пайсьці працаваць. Адмовіцца будзе нельга.
Я маю толькі адну гадзіну, каб схадзіць у краму ці яшчэ куды мне трэба. Не магу пакідаць без дазволу межы свайго населенага пункту. Ну, яшчэ я не магу недзе пунктаў зь дзясятак. Гэта фактычна хатні арышт”.
Прадпрымальнік Міхась Субач атрымаў прадпісаньне 2 верасьня:
“Канешне, я не лічу сябе вінаватым. Што тычыцца тых умоваў, у якіх я буду адбываць пакараньне, то тут нават мой сябар прыйшоў да мяне і запытаўся ці маю я права хадзіць на рынак. Але я й сам дакладна пакуль ня ведаю. Трэба будзе спытаць. Мае сваякі спакойна паставіліся, бо яны ўжо крыху прызвычаіліся”.
Міліцыянты некалькі разоў тэлефанавалі Алесю Чарнышову і пагражалі прымусова даставіць яго ў аддзел міліцыі.
“Сёньня чарговы раз патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС. Патрабуюць, каб я прыйшоў і стаў на афіцыйны ўлік. Дамовіліся, што я пайду да іх у панядзелак і стану на ўлік”, – паведаміў Алесь Чарнышоў.
Калі пакараныя двойчы парушаць правілы адбыцьця пакараньня, іх могуць накіраваць у папраўчыя калёніі, дзе яны будуць рэальна пазбаўленыя волі.
Менскі суд пакінуў прысуд у сіле. Засталася яшчэ адна інстанцыя – Вярхоўны суд, але ніхто з пакараных ня верыць, што прысуд будзе скасаваны.