ЦВК прапанавана прыняць рашэнні, якія перашкодзяць фальсіфікацыям
Сябры ЦВК з правам дарадчага голасу прапанавалі Цэнтрвыбаркаму разгледзець два пытанні. Першае - аб выкананні патрабаванняў Выбарчага кодэкса пры фармаванні выбарчых камісій. Другое - прыняцце палажэння аб назіральніках, якое замацавана ў Канвенцыі 'Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах СНД'.
Зварот было перададзены кіраўніку Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Яго падпісалі Іван Лабачоў (БСДП), Уладзімір Раманоўскі (АГП), Галіна Сямдзянаова (Партыя БНФ) і Алена Скрыган (ПКБ).
Папярэдні абмен меркаваннямі адбыўся 4 верасня. 'Спачатку сябры Цэнтрвыбаркама прынялі гэтую прапанову ў штыкі, - гаворыць Уладзімір Раманоўскі. - Аднак затым ЦВК, з падачы старшыні Лідзіі Ярмошынай, прыйшоў да высновы, што гэтыя пытанні неабходна вывучыць і ў межах застаўшагася часу пастарацца вырашыць паднятыя праблемы'.
Першая праблема ў тым, што абсалютна не выкананы палажэнні Выбарчага кодэкса, паводле якіх палітычныя партыі маюць права ўключаць сваіх прадстаўнікоў у склады выбарчых камісій усіх узроўняў. Паміж тым, як ужо паведамлялася, ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўключылі толькі 0,05 % прадстаўнікоў Аб'яднаных дэмакратычных сіл. А менавіта на ўчастках і адбываюцца парушэнні і фальсіфікацыі (камісіі больш высокага ўзроўня працуюць толькі з пратаколамі).
Другая - галоўным чынам у тым, што назіральнікаў часцяком пазбаўляюць права пракантраляваць працэдуру падліку галасоў. Пры гэтым арт. 14 Канвенцыі СНД 'Статус і паўнамоцтвы нацыянальных назіральнікаў' прадугледжвае празрыстую працэдуру назірання за ходам галасавання. У прыватнасці, 'права назіраць за падлікам галасоў выбаршчыкаў ва ўмовах, якія забяспечваюць бачнасць працэдуры падліку бюлетэняў'.