У «Гомельскай праўды» свая праўда пра выбары
Гомельская рэгіянальная газета "ГП" старанна імкнецца запэўніць чытача ў тым, што выбары праходзяць сумленна. Пераследуючы гэтую мэту, журналісты грэбуюць дакладнасцю і праўдзівасцю інфармацыі і нават публікуюць звесткі з "прыватных гутарак".
Так, 2 верасня ў адмысловай рубрыцы "выбары" знаходзім нататку "Прэтэнзій не паступіла". Тут журналіст Валянціна Сыс перадае ўражанне каардынатара місіі назіральнікаў ад СНД па Гомельскай вобласці Івана Калтабай - усё праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам РБ. Але меркаванняў толькі назіральнікаў ад СНД замала. І "ГП" друкуе каментар нібыта назіральнікаў місіі АБСЕ: "аналагічнага пункту погляду прытрымваліся ў прыватнай гутарцы <…> і назіральнікі АБСЕ - прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Нідэрландаў, Аўстрыі. Яны пацвердзілі, што істотных парушэнняў у працы акруговых камісій імі зафіксавана не было".
Пра сваю пазіцыі адносна выбараў назіральнікі місіі АБСЕ неаднаразова і даволі цвёрда заяўлялі гомельскай прэсе - ніякіх каментароў. Можа, таму станоўчая адзнака выбарчага працэсу ў "ГП" належыць безымяным еўрапейскім назіральнікам?
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"