Магілёў: вынесена папярэджанне дэмакратычнаму кандыдату ў дэпутаты Алесю Сілкову
Учора акруговая выбарчая камісія па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 вынесла папярэджванне кандыдату ў дэпутаты Алесю Сілкову. Нагодай для такога рашэння стала, нібыта, вывешванне агітацыйнага матэрыяла не ў вызначаным месцы.
“Сябры выбарчай камісіі, нібыта, знайшлі на вуліцы Ленінскай каля крамы мой плакат, які быў прыбіты цвікамі ў недазволеным для агітацыі месцы, - кажа Алесь Сілкоў, - Акрамя гэтага на гэтым плакаце не было выходных дадзеных”.
“У камісіі, - працягвае Алесь, - мне паказалі фотаздымак у якім месцы вывешаны мой плакат, на што я дастаў свой фотаапарат і паказаў наклеены на мой плакат плакат прадзяржаўнага кандыдата спадара Юшкевіча. Камісія на гэта ніяк не адрэагавала”.
Рашэнне выбарчай камісіі спадар Сілкоў аспрэчваць пакуль не збіраецца, спасылаючыся на недахоп часу і актыўны ход выбарчай кампаніі.
“Зараз я жартую, - адзначае кандыдат у дэпутаты, - што ўсе сябры ініцыятыўнай групы Алеся Сілкова ходзяць з малаткамі і цвікамі і гэта ў ХХІ стагоддзі!”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”