Мінгарсуд разгледзіць скаргу аб незаконнасці фармавання ўчастковых камісій
У Менскім гарадскім судзе на 25 верасня прызначаны разгляд скаргі аб незаконнасці фармавання ўчастковых выбарчых камісій (УВК) адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Менска.
Праваабаронца Гары Паганяйла, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік Выканкама АГП Ігар Шынкарык і актывісты партыі Аксана Крышчановіч і Аляксандр Сяргеенка накіравалі 5 верасня скаргу ў суд Цэнтральнага раёна Менска. Яны заявілі, што дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска па фармаванні УВК з'яўляюцца незаконнымі і ўшчамляюць іх канстытуцыйныя правы. З суда Цэнтральнага раёна грамадзянская справа перададзена ў сталічны суд.
У скарзе адзначана, што ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прадстаўнікі АГП не былі ўключаныя, прычым не толькі ў Цэнтральным раёне. У іх склад па Менску не ўвайшоў ні адзін з 151 вылучэнцаў АГП, а ад апазіцыйных палітычных партый уключаныя толькі 4 прадстаўнікі (1 - БНФ, 3 - ПКБ). 'Па якім крытэры адбываўся адбор у склады УВК, невядома. Чаму перавага аддадзена адным, а іншым адмоўлена - ні ў абскарджваемым рашэнні, ні ў тлумачэннях службовых асобаў адміністрацыі Цэнтральнага раёна не ўказваецца. Нягледзячы на настойлівыя патрабаванні прадставіць для азнаямлення рашэнне і матэрыялы па фармаванні УВК, нам у гэтым было адмоўлена', - адзначаюць аўтары звароту.
Яны падкрэсліваюць, што з 52 участковых камісій, створаных адміністрацыяй Цэнтральнага раёна, 34 (65,4%) знаходзяцца ў памяшканнях установаў адукацыі. У іх склады ў асноўным уключаныя выкладчыкі і іншыя работнікі гэтых установаў. Тым самым, падкрэсліваецца ў скарзе, парушаны прынцып роўнага прадстаўніцтва і патрабаванні закона аб тым, што ў склад участковай камісіі ад працоўнага калектыва могуць вылучацца толькі па адным прадстаўніку.
Па словах заяўнікаў, якіх не ўключылі ва УВК Цэнтральнага раёна Менска, маюцца шматлікія прыклады, калі ў склады ўчастковых камісій 'увайшла абсалютная большасць сябролў аднаго і таго жа працоўнага калектыва ўстановы, прадпрыемства, арганізацыі'. Пры гэтым усе яны знаходзяцца ў падвойным падначаленні непасрэднага начальніка і старшыні камісіі ў адной асобе.
Гары Паганяйла і прадстаўнікі АГП звяртаюцца ў суд з просьбай прызнаць дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій ушчамляючымі правы грамадзян і юрыдычнай асобы - Палітрады АГП, а само рашэнне - незаконным'. І абавязаць адміністрацыю Цэнтральнага раёна прыняць новае рашэнне аб фармаванні ўчастковых камісій з уключэннем у іх прадстаўнікоў АГП.
Разгляд скаргі пачнецца ў Менгарсудзе 25 верасня ў 14.00.