Самыя ціхія парламенцкія выбары
У Беларусі адбываецца самая ціхая за ўсю гісторыю краіны выбарчая кампанія, адзначаецца ў апошняй перад галасаваннем справаздачы службы маніторынгу БАЖ. Аднак, маюцца прыклады выпадаў у дзяржаўных СМІ супраць апазіцыі.
Ужо пачалося датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах, да асноўнага дня выбараў застаецца ўсяго некалькі дзён, а паўнавартаснага адчування, што ў Беларусі ідзе важная палітычная кампанія, няма. Паводле кіраўніка службы маніторынгу пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Алеся Анціпенкі, “гэта самая ціхая выбарчая кампанія, асабліва калі параўнаць з парламенцкімі выбарамі 2004 году ці з прэзідэнцкімі выбарамі”. Як адзначае медыя-эксперт БАЖ, “цішыня, напэўна, была забяспечана з таго, што:
"Беларускія дзяржаўныя медыі, калі пакарыстацца выразам аднаго вядомага расійскага палітыка, “не мачылі апазіцыю ў сарціры”. Да, былі выказванні негатыўнага кшталту, у негатыўным тоне асвятлялася дзейнасць некаторых кандыдатаў ад апазіцыі і апазіцыі ўвогуле як суб’екта выбарчага працэсу. Але такой масаванай кампаніі дыскрэдытацыі апазіцыі альбо такога чорнага, бруднага піяру не было”.
Аддзел прапаганды
З такім меркаваннем Алеся Аніцпенкі не вельмі пагаджаецца старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ягонае абурэнне выклікаў рэпартаж у нядзельнай праграме “Панарама” пра акцыю апазіцыі 16-га верасня, прысвечаную памяці зніклых палітыкаў і журналіста. Нагадаю, што тая акцыя ў цэнтры Мінску была разагнаная спецназам, некаторыя яе ўдзельнікі былі збітыя, а сцягі Еўразвязу і бел-чырвона-белыя нацыянальныя былі затаптаныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Журналісты БТ сцвярджалі, што апазіцыянеры правакавалі міліцыянтаў, якія мірна ахоўвалі грамадскі парадак, з кімсьці раіліся па тэлефоне наконт таго, як сябе паводзіць, самі кідаліся на зямлю і гэтак далей.
Як сказаў Анатоль Лябедзька, на жаль, у Беларусі няма сапраўднай тэлевізіі:
"У нас ёсць прапагандысцкі аддзел, і я думаю, што, калі б сумна вядомы Ёзэф Гебельс раптам сёння ажыў, ён бы сказаў, што яго справа жыве, і яго вучні эфектыўна працуюць на беларускім прапагандысцкім тэлебачанні”.
Дзе ёсць выбар – няма цішыні
Алесь Анціпенка адзначыў асабліваць цяперашняй кампаніі ў тым, што Цэнтравыбаркам загадаў паўтарыць тэле- і радыёвыступы кандыдатаў у дэпутаты, чаго ніколі не было раней, але зноў жа гэтыя выступы трансляваліся ў той час, калі людзі вярталіся з працы дадому альбо рабілі пакупкі ў крамах, што таксама не вельмі спрыяла падвышэнню цікавасці электарату да выбараў. А вось паўторнага надрукавання праграмаў кандыдатаў у дзяржаўных газетах не было, хаця менавіта такі від агітацыі на сёння, паводле эксперта, ёсць самым эфектыўным. А недзяржаўныя друкаваныя выданні, паводле Алеся Анціпенкі, не змаглі стварыць “перадвыбарчага надвор’я” у Беларусі, паколькі маюць адносна дзяржаўных газет непараўнальна малыя наклады.
Медыя-эксперт абурыўся публікацыяй у адной з дзяржаўных рэспубліканскіх газет, дзе аўтар з гонарам адзначае, што выбары ў Беларусі праходзяць “у спакойнай, дзелавой атмасферы”.
“Выбары не могуць праходзіць “у спакойнай, дзелавой атмасферы”, таму што выбары – гэта заўсёды канкурэнцыя, гэта інтрыга, гэта палітычная барацьба, гэта сутыкненне ідэяў, гэта насамрэч выбар паміж тым і другім. А там, дзе ёсць выбар, заўсёды ёсць драматургія, - адзначае Алесь Анціпенка. – Там, дзе няма выбару, там усё ціха. А там, дзе ёсць выбар, выбары не могуць быць ціхімі”.