Сябры акруговых выбарчых камісіяў агітуюць супраць кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў
У Мінску сябры акруговых выбарчых камісія агітуюць супраць кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Такі выпадак быў зафіксаваны сёння на тэрыторыі сталічнай Каліноўскай выбарчай акругі №108.
Як паведаміла Радыё Рацыя Камілія Дзмітрыеўна Чарняўская – выбаршчыца, што пражывае на тэрыторыі Каліноўскай акругі, учора яна звярнулася ў акруговую камісію з просьбаю растлумачыць ёй парадак галасавання і распавесці пра зарэгістраваных кандыдатаў. Падчас размовы, як заявіла Чарняўская, старшыня камісіі Марыя Бацян пачала агітаваць выбаршчыцу ні ў якім разе не галасаваць за тамэйшага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Віктара Янчурэвіча:
“Я прыйшла у выбарчую камісію, распавяла, што мне вельмі спадабалася праграма і перадвыбарчыя намеры кандыдата ў дэпутаты Віктара Янчурэвіча, і што хачу за яго прагаласаваць. У адказ я пачула, што ён балатуецца ад так званых дэмакратычных сілаў, ужо цяпер усім кажа і заявіў у сваім выступе, што збіраецца усё тут пераламаць і памяняць”
Старшыня камісіі Марыя Бацян у інтэрвію Рацыі катэгарычна адмовілася ад таго, што праводзіла агітацыю супраць дэмакратычнага кандыдата:
“Нічога такога я не казала. Наадварот мне вельмі падабаецца Віктар Янчурэвіч – ён малады, перспектыўны. Мы яго зарэгістравалі. А за тое, што гэта жанчына атрымалася нейкая незадаволеная, я не адказваю”
Сам жа Віктар Янчурэвіч кажа, што ён вельмі ўсхваляваны такім відавочным фактам парушэння выбарчага заканадаўства.
“Так, сапраўды, да сённяшнягяа дня у нас з сябрамі акруговай камісіі складаліся абсалютна прыязныя адносіны, ніякіх нараканняў ні да мяне, ні з майго боку да іх не было, хоць безумоўна, гэты факт не можа мяне не хваляваць, і безумоўная я пастараюся сам разабрацца ва усіх падрабязнасцях”