Праблемная агітацыя. Навіны з рэгіёнаў
Ельск
Марнымі аказаліся спробы кандыдата ад АГП па Палескай выбарчай акрузе №43 Мікалая Гаўрыленкі выступіць перад выбаршчыкамі ў памяшканні раённага Палаца культуры г. Ельска. Ні абвесткі ў раённай газеце не падалі, ні памяшкання не прадаставілі. На Палессі на гэтым тыдні амаль штодня ішлі дажджы, і акрамя памяшканняў нікуды выбаршчыкаў не запросіш.
Такое рэзкае супрацьстаянне мясцовых чыноўнікаў выклікаў выступ кандыдата па тэлебачанні. На яго фоне выступ старшыні Ельскага райвыканкама кандыдата С.М. Канопліча быў блеклым і размытым.
Дарэчы, нарэшце пасля скаргаў у пракуратуру і ЦВК праграму кандыдата М. Гаўрыленкі надрукавала Мазырская раённая газета «Жыццё Палесся»
Баранавічы
23 верасня дырэктар Баранавіцкага ліцэя Аляксей Бычкоўскі не дазволіў на бацькоўскім сходзе выступіць кандыдату ў дэпутаты Мікалаю Чарнавусу (акруга № 5). Пры гэтым ягоны канкурэнт -- цяперашні дэпутат і адначасова кандыдат у дэпутаты новага склікання па гэтай жа акрузе генерал Анатоль Ваньковіч у гэты час сядзеў у прэзідыўме сходу.
Гародня
Кандыдату ў дэпутаты ад АГП па Гарадзенскай-Паўночнай выбарчай акрузе №51 Яраславу Раманчуку ствараюцца перашкоды ў правядзенні сустрэчаў з выбаршчыкамі. Прадстаўнікі мясцовай “вертыкалі” некалькі разоў на працягу тыдня адмаўлялі кандыдату ў правядзенні сустрэч у школах і ў клубе Гарадзенскага камбінату будаўнічых матэрыялаў. Кіраўнік прадпрыемства ў апошнім выпадку спасылаецца на аварыйны стан памяшкання, аднак на працягу тыдня, нягледзячы на “аварыйнасць”, там адбываліся розныя мерапрыемствы, адзначаліся вяселлі і дні народзінаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”