Рэчыца: Сябра камісіі ні разу не быў на паседжанні
Сябра Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі Юрый Жураў быў вылучаны ў гэтую камісію ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Але ніводнага разу на паседжанні камісіі ён не быў. У той жа час, у большасць выбарчых камісій Гомельскай вобласці не былі ўключаны прадстаўнікі рэальна дзеючых партый, якія сапраўды жадалі працаваць у камісіях.
Юрый Аляксеевіч Жураў раней быў дырэктарам Рэчыцкага аграрнага каледжу. Аднак у каледжы паведамілі, што цяпер ён там не працуе і ўвогуле ў Рэчыцы не жыве. На пытанні назіральнікаў аб тым, чаму адсутнічае Жураў, кіраўніцтва камісіі адказвае: кворум, які неабходны для паседжанняў, маецца.
Разам з тым, пры фарміраванні Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі абласныя ўлады не ўключылі ў яе жыхара Рэчыцы, які быў вылучаны ад Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ. Не былі ўключаны прадстаўнікі рэальна дзеючых партый і ў большасць іншых выбарчых камісій вобласці.
Згодна дадзеным Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) ставіць сваёй мэтай “стварэнне грамадства эканамічнага дабрабыту і сацыяльнай справядлівасці”. Аб дзейнасці гэтай партыі на тэрыторыі Рэчыцкай выбарчай акругі нічога не вядома. На меркаванне мясцовых назіральнікаў, улады адмыслова ўключалі ў камісіі людзей з такіх арганізацый, як РППС – каб паказаць, што нібыта ў камісіях ёсць прадстаўнікі партый.
“Правабаронцы за свабодныя выбары”