Нароўля: Месца сустрэчы паведаміць нельга
26 верасня ў горадзе Нароўля адбылася сустрэча кандыдата ў дэпутаты па Палескай выбарчай акрузе №43 з выбаршчыкамі. Кандыдат у дэпутаты Гаўрыленка Мікалай Мікалаевіч загадзя ўзгадніў свае дзеянні з акруговай выбарчай камісіяй і работнікамі аддзела культуры Нараўлянскага выканкама. Яму далі дазвол на правядзенне сустрэчы з выбаршчыкамі і прадставілі памяшканне - зала мясцовага дома культуры. Вялікая зала, мяккія сядзенні -- можна б і пацешыцца цёпламу прыёму, аднак чагосьці не хапала. Не хапала абвесткі аб планаванай сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты. Побач з будынкам ГДК сябры перадвыбарчага штаба кандыдата праверылі ўсе месцы, дзе маглі б размяшчацца абвесткі, аднак іх пошукі не ўвянчаліся поспехам -- яны абыйшлі Нароўлю ў радыўсе паўкіламетра, аднак і там не выявілі ніякіх абвестак. Страціўшы надзею штосьці знайсці, яны звярнуліся з пытаннем да дырэктара гэтага дома культуры. Яна іх супакоіла, сказаўшы, што сустрэчу з выбаршчыкамі яны арганізоўвалі па тэлефоне і абзвоньвалі ўсе арганізацыі. Сябры штаба паверылі заявам мясцовых улад і чакалі сустрэчы. Аднак калі на сустрэчу прыйшлі толькі супрацоўнікі ідэалагічнага і іншых аддзелаў выканкама, і то ў колькасці 5-ці чалавек, усё стала зразумела - мясцовыя ўлады не былі зацікаўленыя, каб выбаршчыкі даведаліся і прыйшлі на сустрэчу з апазіцыйным кандыдатам. Калі б гэта быў адзінкавы выпадак, можна яго было б спісаць на прыкрую памылку, але дакладна гэтак жа сустрэчы праходзілі і ў іншых гарадах.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"