Жлобін: Кіраўніцтва БМЗ кантралюе, каб датэрмінова прагаласавалі нават супрацоўніцы, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку
Кіраўнікам участкаў Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне разаслана пісьмо за подпісам Аляксея Красюка, намесніка начальніка завадскога упраўлення па аўтаматызацыі. У пісьме прапануецца прымусіць падначаленых галасаваць датэрмінова, а таксама “давесці да ведама” работнікаў, за каго трэба галасаваць.
Ліст быў адпраўлены 22 верасня па завадской электроннай сетцы bmz.gomel.by. Яго атрымалі начальнікі ўчасткаў Міхаіл Буянаў, Аляксандр Гузаў, Сяргей Ільін і іншыя, усяго 16 чалавек. У сваім лісце А. Красюк напісаў:
“Галасаваць датэрмінова можна штодзень з 23.09.2008. Пажадана сваё волевыяўленне зрабіць у бліжэйшы час. Кіраўнікі тых супрацоўнікаў, што не прагаласуюць зараней, будуць 28.09.2008 мець безнадзейна сапсаваны выходны дзень. І кожную гадзіну дакладываць сітуацыю аб прагаласаваўшых (будуць сядзець на тэлефоне і званіць сваім “лепшым” работнікам – ставіць ім плюсікі і галачкі). Спісы ўсіх прагаласаваўшых датэрмінова штодзённа да 9:30 прашу падаваць мне (з датай галасавання) для ўнясення ў агульны спіс прагаласаваўшых”.
А. Красюк нагадаў кіраўнікам участкаў і пра тых работнікаў, якія ў адпачынках:
“Прашу помніць аб тым, што спадарыні, якія знаходзяцца ў адпусках па дагляду за дзіцём, таксама з’яўляюцца работнікамі нашага прадрыемства. З імі неабходна звязвацца і прапаноўваць прагаласаваць”.
Далей А. Красюк просіць “давесці да ведама работнікаў”, за якога кандыдата трэба галасаваць: “высокі заробак на прадпрыемстве гарантуецца толькі ў выпадку праштурхоўвання яго інтарэсаў у парламенце”, і таму “вельмі пажадана, каб у парламент патрапіў завадскі кандыдат”. Маецца на ўвазе – Уладзімір Батан, начальнік цеха ремонта металургічнага абсталявання завода, вылучэнец “ад улады”.
Іншы кандыдат у Жлобінскай выбарчай акрузе – Валерый Рыбчанка, прадстаўнік Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Раней ён таксама працаваў на гэтым заводзе, але быў звольнены пасля таго, як на мінулых выбарах адмовіўся зняць сваю кандыдатуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”