Кандыдаты па Віцебскай вобласці заяўляюць, што дзяржаўныя СМІ цэнзуравалі іх праграмы
Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыняльнага сходу Беларусі з так званага «Еўрапейскага спісу», якія балатуюцца ў Віцебскай воблаці, заявілі, што мясцовыя дзяржаўныя газеты – «Віцьбічы», «Народнае слова», «Віцебскі рабочы», а таксама некаторыя раённыя выданні выкарыстоўвалі цэнзуру, калі друкавалі іх перадвыбарныя праграмы. Пра гэта кандыдаты паведамілі падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі, якія адбылася ў сядзібе Партыі БНФ.
Як адзначыў прэтэндэнт на дэпутацкі мандат Аляксей Гаўруцікаў, самая масавая ў Віцебску газета «Віцьбічы» паставіла перад ім умову: альбо ён здымае апошні сказ «Однако руководству нашей страны, видимо, важнее сохранить хлебные места и передать их по наследству своим детям, нежели гарантировать благополучие народу», альбо яму адмаўляюць у праве надрукаваць праграму. «Мне адмаўлялі менавіта з-за гэтай фразы — маўляў, я публічна абражаю прэзідэнта, — адзначыў А. Гаўруцікаў. – Улічваючы той факт, што гэтая газета самая масавая, я быў змушаны выкрасліць гэтую фразу. Фактычна, гэта была цэнзура над маім тэкстам».
Па словах кандыдата ў дэпутаты, астатнія прэтэндэнты з «Еўраспісу» пасля скаргаў у ЦВК змаглі надрукаваць свае праграмы ў дзяржаўных выданнях. «Аднак што зрабілі дзяржаўныя газеты? Напрыклад, газета “Віцебскі рабочы” надрукавала праграму Галіны Козыравай, але не ў суботу, як планавалася, і калі выданне выходзіць накладам 100 тысяч асобнікаў, а ў аўторак, калі наклад складае 7 тысяч, — сказаў А. Гаўруцікаў. — Тое ж самае атрымалася і з праграмай Ігара Каныгіна, які падаў яе для друку ў “Народнае слова”. Апроч таго, мы спрабавалі набыць у кіёсках узор гэтай газеты, але ў кіёсках яе папросту не было».