На Віцебшчыне працягваюцца парушэнні правоў непраўладных кандыдатаў
Кандыдатка са спісу АДС старшыня незарэгістраванага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч вымушаная падаць скаргу на тое, што акруговая камісія заплюшчвае вочы на парушэнні Выбарчага кодэксу з боку кандыдата ад улады.
У той час як да ейных агітацыйных матэр’ялаў у камісіі праявілі звышпільнасць і забаранілі друкавацца ў нямаючых адпаведнай ліцэнзіі вытворцаў, а ў дазволенай друкарні тэлезавода вырабілі шэрую і неахайную прадукцыю, ейны супернік Віктар Аўчыннікаў, які ідзе па спісу ўладаў, надрукаваў прагожыя каляровыя плакаты без інфармацыі пра ліцэнзію і адрас выканаўцы, адсутнічае нумар замовы. Гэта дазваляе надрукаваць любую колькасць паасобнікаў. Што і выявілі сябры каманды Яскевіч, якая паведаміла:
– На адным з плакатаў напісана 20 паасобнікаў. Не прыкладаючы асаблівых намаганняў, наведаўшы толькі 5 крамаў, мы налічылі іх больш за 30.
Але, у першую чаргу ў парушэннях кандыдатка ад дэмсілаў вінаваціць старшыню акруговай камісіі Тацяну Аўтухову.
Ірына Яскевіч кажа:
– Гэта больш за ўсё парушэнні з боку старшыні акруговай камісіі, паколькі гэта яна прыняла дзеля распаўсюду дакуманты, агітацыйныя матэр’ялы...
Тым больш, паводле чальцоў камісіі кандыдату Аўчыннікаву, была аб’яўленая заўвага за тое, што ён – галоўны урач абласной больніцы – выкарыстоўваў адміністратыўны рэсурс і нават распаўсюджваў свае агітацыйныя матэр’ялы праз працаўнікоў “Хуткай дапамогі”.
На закрытым участку ў абласной больніцы адмаўляліся дапускаць у якасці назіральнікаў давераных асобаў Яскевіч, а рашэнне спрабавалі знайсці праз свайго кіраўніка-кандыдата і супрацоўнікаў гарвыканкама, а не акруговай камісіі. Дарэчы, нумароў тэлефону гэтай камісіі чамусці ня ведаюць на значнай колькасці выбарчых участкаў, што сведчыць пра дрэннае іхнае камплектаванне выканаўчай уладай.
Пасміхаючыся з міту пра роўныя ўмовы, Ірына Яскевіч іранічна канстатуе:
– Я не разумею, чаму розныя падыходы да розных кандыдатаў.
І дадае:
– Мяркую, што гэта робіцца ад безпакаранасці.
Яшчэ горш справы ў глыбінцы. Як расказваюць людзі, месцічаў адкрыта агітуюць галасаваць за праўладных кандыдатаў нават старшыні сельсаветаў, а плакаты іхных супернікаў здзіраюць нават чальцы выбарчых камісіяў.