Былая кандыдатка вярне дзяржаве амаль у тры разы больш грошай, чым выкарыстала на кампанію
Таццяне Севярынец, якая знялася з выбараў у Палату прадстаўнікоў, акруговая камісія налічыла дзеля вяртання дзяржаве 1 мільён 329 тысячаў 511 беларускіх рублёў. Улічваючы, што былая кандыдатка выкарыстала на агітацыйную кампанію толькі болей за 500 тысячаў дзяржаўных сродкаў, гэтая сума ёй здалася не зусім адпаведнай выдаткам камісій.
Кажа Таццяна Севярынец:
– Таму я патэлефанавала ў камісію і папрасіла, каб яны мне прадставілі калькуляцыю.
Як вядома, згодна з артыкулам 69 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, кандыдаты, якія без паважлівых прычынаў адмовіліся ад працягу кампаніі, кампенсуюць сродкі выдадзеныя на іх выбарчымі камісіямі ўсіх узроўнеў, пачынаючы з ЦВК. Як разумее былая кандыдатка, гэта тая праца чальцоў камісій, якая была накіраваная на дапамогу менавіта ёй. Але аніякай дапамогі яна ад камісій не дачакалася. І чаго можна было чакаць, калі камісіі ўтвараліся з непасрэдным удзелам ейнага суперніка старшыні гарсавета Генадзя Грыцкевіча? Севярынец так і не здолела выступіць перад калектывамі прадпрыемстваў і ўстановаў, выданне ейных агітацыйных матэр’ялаў штучна затрымлівалася, на сябраў каманды здзясняўся ціск. Таму, як кажа Тацяна Яўгенаўна, камісіі не дапамагалі, а:
– ...Тварылі на кожным кроку перашкоды.
Ня згодная Тацяна Яўгенаўна і з тым, што камісія палічыла, што яна адмовілася без паважлівых прычынаў. Севярынец гаворыць пра адказ акруговай камісіі:
– Прычыны, якія я пералічыла, аб парушэнні маіх правоў як кандыдата, аб прыцясненнях сябраў маёй каманды, яны не паважлівыя.
Але што тады лічыць за паважлівыя прычыны, былая кандыдатка не разумее.
У Беларусі атрымліваецца, як у той прыказцы, пра ўваход апазыцыі ў палітычную кампанію – за рубель, а выхад – за тры.