«Рэпарцёры без межаў» не задаволеныя асвятленнем выбарчай кампаніі ў беларускіх СМІ
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» незадаволеная тым, як беларускія медыя асвятляюць выбарчую кампанію. Да такой высновы арганізацыя прыйшла, азнаёміўшыся з вынікамі маніторынгаў БАЖ і АБСЕ. Адпаведная заява 26 верасня з’явілася на сайце «Рэпарцёраў».
Грунтуючыся на выснове маніторцаў БАЖ пра адсутнасць палітычных дэбатаў у СМІ, «Рэпарцёры», у прыватнасці, заявілі: «Мы шкадуем, што не адбылося паляпшэння ў асвятленні выбарчай кампаніі, тым больш што гэта быў шанец для Беларусі нармалізаваць стасункі з міжнароднай супольнасцю».
Рэпарцёры цытуюць таксама вытрымку са справаздачы АБСЕ, прэзентаванай 19 верасня, у якой утрымліваецца крытыка дзяржаўных СМІ: «Медыя — як лакальнага, так і нацыянальнага ўзроўню – засяроджваліся на працэдурных аспектах выбарчага працэсу. Большасць СМІ, пераважна фінансаваных з бюджэту, надавалі больш увагі прэзідэнту і іншым прадстаўнікам дзяржаўнай улады…, чым ролі парламента альбо кандыдатам».
Арганізацыя таксама згадвае праблемы, з якімі пачалі сутыкацца журналісты напярэдадні галасавання. У прыватнасці, у поле іх зроку трапіў інцыдэнт з карэспандэнтам «Народнай волі» Юрыем Дзядзінкіным, якому сябры выбарчай камісіі не дазволілі фатаграфаваць на ўчастку ход датэрміновага галасавання.
(Цалкам пераклад тэксту заявы зьявіцца пазней на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў)