viasna on patreon

Апазыцыя абскардзіла вынікі выбараў

2008 2008-09-30T16:25:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Былыя кандыдаты ў дэпутаты ад АГП, ПКБ, БНФ абскардзілі абвешчаныя вынікі галасаваньня па сваіх акругах. Яны дамагаюцца паўторнага падліку галасоў ці паўторных выбараў.

Былы кандыдат у дэпутаты па менскай Старавіленскай акрузе Анатоль Лябедзька ў сваёй заяве піша пра фальсыфікацыю выніковых лічбаў прынамсі на шэрагу ўчасткаў. Апрача выбаркамаў, ён падае заяву і ў пракуратуру: “Калі ўзяць, напрыклад, участак 453, там 1920 выбарцаў. Там назіраньне было ўвесь час. 140 чалавек зафіксавалі на датэрміновым, а 28-га прыйшоў 671 чалавек. У суме 811 чалавек прыйшло і кінула ў скрынку бюлетэнь. Увесь час там знаходзіліся назіральнікі, кожнага лічылі. А камісія выдае 1216. Розьніца — 405 галасоў. Яны проста з паветра ўзяліся і запісаныя на паперы”.

А. Лябедзька патрабуе пракурорскай праверкі і пераліку галасоў. Іншы апазыцыйны кандыдат, лідэр ПКБ Сяргей Калякін падаў аналягічныя скаргі на парушэньні і фальшаваньне вынікаў выбараў. Да скаргаў кандыдаты прыклалі акты парушэньняў, падпісаныя назіральнікамі:

“Я і большасьць маіх партыйцаў, якія балятаваліся, таксама абскардзілі вынікі выбараў на адрас акруговай камісіі, ЦВК і Менгарвыканкаму, бо яны ўсе — тыя, хто арганізоўваў выбары. Так Выбарчы кодэкс трактуе”.

Спадар Калякін перакананы, што ўдзельнічаць у выбарах было карысна: “Безумоўна, мы правялі вялікую працу з насельніцтвам. Я ведаю па сваёй акрузе, што палова выбарцаў — 35 тысяч — сьвядома галасавалі за мяне. Зь імі трэба працаваць далей”.

Але перш за ўсё трэба правесьці інфармацыйную кампанію і патлумачыць людзям, якім чынам лічылі галасы, мяркуе спадар Калякін. Адна ж з найважнейшых высноваў, якія павінна зрабіць апазыцыя з выбарчай кампаніі, паводле Сяргея Калякіна, наступная:

“Ніхто правілы мяняць не зьбіраецца, і на прэзыдэнцкіх выбарах лепей ня будзе. Таму трэба выбудоўваць тактыку і стратэгію, зыходзячы з рэчаіснасьці: будуць жорсткія ўмовы, нават больш жорсткія, чым цяпер. Трэба шукаць новыя падыходы да назіраньня і прадухіленьня фальсыфікацый”.

На думку менскага палітоляга Аляксея Караля, свае высновы з выбарчай кампаніі зрабіла і намэнклятура: “Вызваленьне палітвязьняў магло быць успрынята намэнклятурай як слабасьць рэжыму, як слабасьць Лукашэнкі. Вынік жа гэты і кантроль за выбарамі засьведчыў у вачах намэнклятуры, што гэта была добрая палітычная гульня з боку вышэйшага кіраўніцтва і што гэты раўнд палітычнай гульні застаўся за Лукашэнкам”.

Аляксей Кароль мяркуе, што надалей цяперашні рэжым будзе імкнуцца захоўваць тую структуру дзеяньняў, якая склалася, але будзе аглядацца і на Захад, і на Ўсход. Брутальнага пераходу да рэпрэсій чакаць ня варта, — перакананы Аляксей Кароль.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства