viasna on patreon

Прэзідыум палітсавета АДС даў ацэнку мінулай выбарчай кампаніі

2008 2008-10-10T14:06:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прэзідыум палітсавета Аб'яднаных дэмакратычных сіл на сваім пасяджэнні 9 кастрычніка падвёў вынікі мінулых парламенцкіх выбараў і даў ацэнку выбарчай кампаніі з боку калектыўнай сструктуры апазіцыі.

У заяве прэзідыума палітсавета АДС канстатуецца, што "на заключным этапе выбараў у Палату прадстаўнікоў у некаторых акругах дэмакратычныя кандыдаты адчувалі сур'ёзнае супрацьдезянне ў правядзенні выбарчай кампаніі". Аўтары дакумента зазначаюць, што назіральнікі, насуперак запэўніванням прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, на пераважнай колькасці ўчасткаў не былі дапушчаныя да назірання за працэдурай падліку галасоў, а з некаторых участкаў назіральнікі ад АДС былі выдаленыя прадстаўнікамі сілавых структур.

Лідэры апазіцыйных сіл звяртаюць увагу на тое, што "ўлады адхілілі канструктыўную прапанову палітычных партый аб правядзенні тэлевізійных дэбатаў паміж кандыдатамі у дэпутаты ад улады і ад адзінага спісу АДС па актуальных пытаннях, што цікавяць выбаршчыкаў; улады выкарыстоўвалі працэдуру датэрміновага галасавання для стварэння неабходнай яўкі выбаршчыкаў і фальсіфікацыі вынікаў галасавання".

Прэзідыум палітсавета АДС падзяляе ацэнку мінулай выбарчай кампаніі, што дала міжнародная місія назіральнікаў АБСЕ, як не адпаведнай дэмакратычным стандартам гэтай арганізацыі і пацвярджае правільнасць стратэгіі АДС, скіраванай на прадастаўленне пераканаўчых доказаў недэмакратычнасці выбарчай кампаніі на ўсіх яе этапах і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

У заяве прэзідыума палітсавета АДС таксама гаворыцца, што Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы працягваюць кампанію па іфнармаванні грамадзян аб фальсіфікацыі выбараў. Лідэры апазіцыі лічаць важнейшай задачай АДС канцэнтрацыю намаганняў на змяненні выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі для правядзення свабодных і справядлівых выбараў, паведамляе БелаПАН.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства