viasna on patreon

Выбары – дадатковы штуршок намэнклятурнай прыватызацыі

2008 2008-10-10T16:31:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Нядаўнія парлямэнцкія выбары крытыкуюцца беларускай апазыцыяй перад усім за іх недэмакратычнасьць. Аднак ёсьць і такія меркаваньні, што прызнаньне выбараў Захадам будзе азначаць „дыктатарскую прыватызацыю” ў Беларусі.

Меркаваньне пра тое, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі й іх прызнаньне на Захадзе стварае новыя, больш шырокія магчымасьці для прыходу заходняга капіталу ў Беларусь, пачалі выказваць некаторыя польскія ды беларускія экспэрты. Напрыклад, Марэк Буцька, польскі экспэрт па пытаньнях Ўсходняй Эўропы з фонду “Свабода й дэмакратыя”, лічыць, што ў падобным сцэнары зацікаўлены перад усім немцы.

Марэк Буцька: Асабліва яскрава гэта праявілася падчас выбараў на прыкладзе нямецкай дыпляматыі. Новы парлямэнт немцам патрэбны толькі дзеля прыняцьця закону пра ўласнасьць на зямлю ў Беларусі. Гэта дазволіць немцам пачаць інвэстыцыі. Правы чалавека аказаліся непатрэбнымі.

У Беларусі на гэты факт зьвярнуў увагу міжнародны каардынатар ініцыятывы Хартыя’97, былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў.

Андрэй Саньнікаў: Выбары былі патрэбныя, каб легітымізаваць кантакты зь беларускімі ўладамі. Назіральнікі выбараў не прызналі дэмакратычнымі, але лінія да прызнаньня працягваецца. Гэта зьвязана, на маю думку, з абвешчанай прыватызацыяй у Беларусі. Гэта дыктатарская прыватызацыя, таму што няма ніякіх мэханізмаў кантролю з боку грамадзкасьці. Усе гэта будзе рабіцца для ўмацаваньня кланаў, якія зьвязаныя з Лукашэнкам і ягонай сям'ёй. Я лічу, што гэта небясьпечна, і дэмакратычная апазыцыя павінна выступіць супраць гэтага.

Беларускі палітоляг Андрэй Ляховіч называе дадзены працэс закрытай ад грамадзтва прзыватызацыі эканамічных рэсурсаў краіны – намэнклятурнай прыватызацыяй, паколькі ў яго ўцягнуты вышэйшыя эшалёны прыўладнай эліты. Гэты працэс пачаўся нашмат раней за восеньскія выбары й выкліканы ўзбагачэньнем беларускай кіруючай вярхушкі.

Андрэй Ляховіч: Працэс намэнклятурнай прыватызацыі ў Беларусі ідзе ня першы год. Асабліва яна ўзмоцнілася пасьля таго, як была адсунутая ад улады група Шэймана. Цяпер размова ідзе ня толькі аб аб’ектах гандлю, сфэры паслугаў, але й пра прыватызацыю прамысловых прадпрыемстваў. Адзін з апошніх прыкладаў: у сакавіку 2008 быў прыватызаваны Бярозаўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў. Гэтае прыбытковае парадпрыемства набыла кампанія Трайпл, нібыта блізкая да В. Лукашэнкі. Усё гэта абсалютна не залежыць ад вынікаў выбараў. Калі будуць перамены ў адносінах з Захадам – пашырэньне супрацоўніцтва, то працэс зачыненай намэнклятурнай прыватызацыі будзе яшчэ больш разгорнутым. Гэтая прыватызацыя выкліканая тым, што намэнклятура мае буйныя фінансавыя рэсурсы й зацікаўленая ў тым, каб укладаць гэтыя грошы ў маёмасьць, перад усім у дзяржаўную маёмасьць. У Беларусі ўжо пачалася такая цікавая рэч, як легалізацыя даходаў намэнклятуры. Яна не палохаецца дэманстраваць высокі ўзровень спажываньня.

З палітычных найперш меркаваньняў, для сёньняшняй беларускай намэнклятуры больш выгодным падаецца заходні капітал, які яны спадзяюцца пераканаць у немэтазгоднасьці выстаўляць Беларусі палітычныя патрабаваньні. Расейскага капіталу беларусы проста баяцца, - мяркуе палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: Запрашэньне заходняга бізнэсу мае абмежаваны характар. Першую ролю будзе граць беларуская намэнклятура. Заходнікам будзе прапанавана прыватызаваць тыя прадпрыемствы, якія мясцовая намэнклятура ня можа асвоіць сама, альбо высокатэхналягічныя новыя праекты. Што тычыцца расейскага бізнэсу, то яго ў Беларусі разглядаюць як палітычна ангажаваны. Узмацненьне эканамічнай прысутнасьці Расеі ў Беларусі будзе азначаць і ўзмацненьне палітычных пазыцыяў. Таму беларускі бок больш зацікаўлены ў супрацоўніцтве з заходнім бізнэсам, пры ўмове, што ня будзе палітычных патрабаваньняў. Досьвед супрацоўніцтва з аўстрыйцамі сьведчаыць аб тым, што з Захадам пра гэта можна дамовіцца.

Аднак, паводле меркаваньня эканаміста Зьмітра Бабіцкага, беларускай намэнклятуры будзе ня так проста пераканаць заходні бізнэс у супрацоўніцтве. Заходнікам цяжка зразумець сёньняшнюю Беларусь.

Зьміцер Бабіцкі: У Беларусь ідуць інвэстыці, дастаткова паглядзець, колькі будуецца новай нерухомасьці. Хаця ў агульным аб’ёме інвэстыцыяў іншаземных вельмі мала. Але ўрад хоча прыцягнуць шмат грошай у краіну са зьнешніх крыніцаў. Гэта ня будзе лёгкая задача. Тут недастакова правесьці дэмакратычныя выбары. Гэта знак замежным палітыкам. Для бізнэсоўцаў патрэбны больш істотныя рэчы. Штосьці ў гэтым накірунку робіцца, напрыклад, атрыманьне Беларусьсю крэдытнага рэйтынгу. Разам з тым, гэтага недастаткова. Тым больш, што кіраўнік Беларусі сваімі выказваньнямі заходнім газэтам адпалохвае патэнцыйных інвэстараў.

Прызнаньне парлямэнцкіх выбараў на Захадзе не азначае пачатку зачыненай прыватызацыі ў Беларусі. Гэты працэс пачаўся нашмат раней, чым у верасьні бягучага году. Прызнаньне выбараў, канешне, можа прысьпешыць згаданы працэс. Аднак тут існуе шмат іншых праблемаў: беларуская намэнклятура гатовая толькі абмежавана пускаць заходніх бізнэсоўцаў у краіну. Невядома таксама, наколькі Захад зацікаўлены інвэставаць у Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства