Маёмасьць Сяргея Скрабца канфіскавалі двойчы
Зроблена гэта паводле рашэньня Вярхоўнага суду Беларусі. Судовыя выканаўцы забралі кухню, канапу ды некаторую драбязу на агульную суму 600 тысяч беларускіх рублёў.
Маёмасьць у апазыцыйнага палітыка канфіскавалі яшчэ год таму. Але тады маці Сяргея выкупіла найбольш неабходныя рэчы сына. Цяпер жа пад канфіскацыю патрапіла і маёмасьць бацькоў. Разам зь ёй забралі і рэчы Сяргея Скрабца.
“Атрымліваецца, што мае рэчы канфіскавалі двойчы: спачатку ў мяне, а цяпер у маіх бацькоў,-- скардзіцца Сяргей Скрабец. – Гэта нейкае вар’яцтва, і, шчыра кажучы, я нават ня ведаю, як на гэта рэагаваць”.
Сяргей Скрабец — адзін з арганізатараў дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня — быў арыштаваны ў траўні 2005 году і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня за выманьваньне крэдыту. Сваёй віны дэпутат не прызнаў. Ён лічыць, што быў несправядліва асуджаны за сваю апазыцыйную дзейнасьць. На свабоду былы дэпутат выйшаў праз паўтара года.