Актывістаў затрымалі на шляху да месца будаўніцтва АЭС
Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, журналіста Вадзіма Казначэева і аднаго зь лідэраў маладых дэмакратаў Аляксандра Сергіенку затрымалі ў Астраўцы.
“Мы знаходзімся ў Астравецкім РАУСе. Праверылі дакумэнты, узялі пісьмовыя тлумачэньні, ужо хацелі адпускаць, але тут зьявіўся мясцовы КДБ, справа замарудзілася. Зараз аглядаюць машыну”, — паведаміў спадар Лябедзька.
Міліцыя затрымала палітыкаў і журналіста на выезьдзе з Астраўца (Гарадзенская вобласьць). Яны кіраваліся да тых мясьцін, дзе плянуецца пабудаваць АЭС.
Пазней Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Рацыя:
- Яны прадставілі нам прэтэнзіі, што ёсць нейкая аператыўная інфармацыя, што мы раздавалі ў Астраўцы забароненую літаратуру. Яны былі на трох машынах, нас забралі ў суправаджэнні, развярнулі наш аўтамабіль і прывезлі ў РАУС. У РАУСе яны узялі з мяне тлумачэнне і сказалі, што мы вольныя, але раптам пайшла нейкая новая каманда і ўсё адкруціла назад. Чаму, стала зразумела літаральна цераз некалькі хвілін, мы сутыкнуліся з мясцовым старшынёй філіі КДБ. Яго прыезд прывёў да таго, што ўсё пачалося з нулявой адзнакі. У нас зрабілі ператрус аўтамабіляў, забралі ўсе носьбіты інфармацыі, якія там былі.
Усё скончылася тым, што грамадскіх актывістаў адвезлі назад у Астравецкую камендатуру і папрасілі як мага хучэй пакінуць рэгіён. Анатоль Лябедзька зазначыў, што амаль усё запланаванае на гэтую паездку удалося ажыццявіць, акрамя наведвання планаванага месца будаўніцтва АЭС.
Да гэтага актывісты раздавалі агітацыйныя матэрыялы супраць будаўніцтва атамнай станцыі на гарадзкім рынку Астраўца. Таксама яны распаўсюджвалі інфармацыю пра акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, якая мае адбыцца 10 сьнежня.