У Гродна затрыманы журналіст Іван Роман
Сёння ў Гродне быў затрыманы незалежны журналіст Іван Роман. Зараз ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУС горада. Як паспеў паведаміць Іван па тэлефоне прэс-службе БАЖ, затрыманне адбылося ў момант, калі ён асвятляў акцыю мясцовых праваабаронцаў, прымеркаваную да 60-годдзя падпісання Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Наяўнасць журналісцкага пасведчання не спыніла міліцыянтаў.
«Сёння раніцай праваабаронцы і грамадскія актывісты ладзілі грамадскую акцыю – ішлі па вуліцах Гродна і раздавалі жыхарам брашуркі са зместам Дэкларацыі і сувенірныя сцяжкі. Я асвятляў гэтае мерапрыемства: браў інтэрв’ю і рабіў фотаздымкі. Каля парку Жылібера да нас падышлі супрацоўнікі АМАПу і затрымалі», — распавёў падрабязнасці І. Роман.
Зараз затрыманыя знаходзяцца ў Ленінскім РАУС Гродна, куды іх даставілі нібыта «для высвятлення асобаў і ўзяцця тлумачэнняў».
Па словах журналіста, у яго перапісалі пашпартныя дадзеныя, а даваць тлумачэнні ён адмовіўся.