Віцебск: Хлопчыка прымусілі падпісаць згоду на сваё змяшчэнне ў псіхіятрычную клініку
11 снежня 15-гадовы школьнік Максім Андрэеў быў змешчаны ў закрытае аддзяленне Віцебскай абласной псіхіятрычнай клінічнай бальніцы супраць сваёй волі і без дазволу бацькоў. 12 снежня прапанавалі паставіць подпіс у гісторыі хваробы нібыта за тое, што яму ўжо споўнілася 15 год. Як высветлілася пазней, хлопчык падпісаўся пад згодай на сваё змяшчэнне ў псіхіятрычную клініку.
Пра гэта паведамляе мясцовы праваабаронца, сябра БХК Павел Левінаў. Ён ад самага пачатку гэтай непрыемнай гісторыі, пра якую мы распавядалі раней, дапамагае сям’і Андрэевых адстойваць правы дзіцяці.
Нагадаем: спарава ў тым, што ёсць рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, прынятае на падставе Дыкрэта прэзідэнта РБ №18. Паводле гэтага рашэння, Максіма Андрэева павінны адправіць у прытулак, адабраўшы ў маці, работніцы мясцовай базы гародніны, і старэйшага брата, супрацоўніка газеты «Витебский Курьер».
- Максіма штодзень наведваюць маці, родны брат, праваабаронцы. Хлопчык кажа, што адчувае сябе нармальна, ніякага лячэння не атрымлівае, яго ўсе клічуць “сынам палка”. Прадстаўнікі раённых адміністрацыяў, аддзела адукацыі, пракуратуры і прытулку яго не наведвалі, - адзначае Павел Левінаў. – На пытанне “Якое ў цябе зараз самае запаветнае жаданне?” Максімка адказаў, што хоча жыць з маці.
Праваабаронца паведаміў, што сёння, 15 снежня, на стол кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну г.Віцебску патрапіў ліст з рэзідэнцыі Дзеда Мароза з заклікам вярнуць Максіма ў сям’ю.