МЗС: Кіраўніцтва БДІПЧ афіцыйна запрасілі ў Беларусь
Беларускі бок накіраваў афіцыйнае запрашэнне кіраўніцтву Бюро па дэмакратыі і правах чалавека з прапановай наведаць Беларусь. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Андрэй Папоў.
Як падкрэсліў прэс-сакратар, у запрашэнні пацверджаная гатовасць да прадметнага дыялогу з Бюро. Ён нагадаў, што афіцыйны Мінск заявіў пра гатовасць весці дыялог з гэтай міжнароднай арганізацыяй па ўдасканаленні беларускага выбарчага заканадаўства і праваўжывальнай практыкі.
Зараз беларускі бок аналізуе выніковы даклад місіі БДІПЧ па вераснёўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Па словах А.Папова, чакаецца, што ў студзені 2009 года ў Мінску пройдуць адпаведныя кансультацыі па зместу выніковай справаздачы і далейшым узаемадзеянні беларускага боку і БДІПЧ АБСЕ.