Прафсаюз РЭП плануе 3 красавіка правесці агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту
Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) плануе 3 красавіка правесці агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту, паведаміў БелаПАН адзін з лідэраў арганізацыі Аляксандр Бухвостаў.
Паводле яго слоў, такое рашэнне было прынята 9 сакавіка на пасяджэнні прэзідыума прафсаюза ў сувязі з адмаўленнем уладаў зарэгістраваць пярвічныя арганізацыі РЭП у Магілёве, Віцебску і Гомелі. "Мы наважаны правесці пікеты супраць парушэння правоў прафсаюзаў, — сказаў А.Бухвостаў. — Падчас пікетаў будзем тлумачыць, супраць чаго мы пратэстуем, раздаваць інфармацыю аб парушэнні правоў прафсаюзаў у Беларусі". Ён зазначыў, што пікеты плануецца правесці ва ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах Беларусі.
А.Бухвостаў таксама паведаміў, што на пасяджэнні прэзідыума прафсаюза прынята рашэнне звярнуцца ў суд. Цяпер рыхтуецца скарга на адмаўленне ў рэгістрацыі пярвічак.
Паводле яго слоў, інфармацыя аб адмаўленні ў рэгістрацыі таксама накіравана ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП).
Як паведамлялася раней, з 5 па 27 сакавіка ў Жэневе пройдзе 304-я сесія Адміністрацыйнага савета МАП. Чакаецца, што падчас сесіі ў Міжнародным бюро працы (МБП) пройдуць кансультацыі з удзелам беларускай дэлегацыі па пытаннях супрацоўніцтва з МАП, у тым ліку па выкананні краінай рэкамендацый арганізацыі. Прадугледжваецца, што яны адбудуцца пасля 20 сакавіка.
Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне аб парушэнні правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. У выніку Беларусь пяць разоў уносілася ў спецпараграф даклада Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў.
За гэта ў чэрвені 2007 года Беларусь была выключана з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза. Для яе вяртання ўрад павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП, у прыватнасці: даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць свае пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны, паведамляе БелаПАН.