Заснавальнік двух віцебскіх выданняў будзе судзіцца з дзяржаўнымі органамі
Прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства (ПУГП) «Витебский корунд», якое выступае заснавальнікам недзяржаўных газет «Витебский курьер» (зарэгістравана ў Расіі) і «Наш дом» (пакуль не зарэгістравана), у хуткім часе апынецца ў двух судах.
9 сакавіка апеляцыйная інстанцыя Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці будзе разглядаць скаргу «Витебского корунда», які дамагаецца адмены рашэння Віцебскага гарвыканкама адмовіць прадпрыемству ў ліцэнзіі на рознічны гандаль перыядычным выданнем. (Гаворка ідзе пра «Витебский курьер», які не ўключылі ў падпісны каталог і адмовіліся прадаваць у кіёсках). У лютым абласны гаспадарчы суд адхіліў першую апеляцыю, спаслаўшыся на нібыта прапушчаны тэрмін падачы скаргі. Апеляцыйная інстанцыя вырашыла перагледзець гэтае рашэнне.
Адрас Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці — г. Віцебск, вул. Праўды, 32, каб. № 409. Пачатак слуханняў у 14.30.
А на 11 сакавіка ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі прызначана падрыхтоўчае судовае пасяджэнне па скарзе прадпрыемства на дзеянні Мінінфармацыі, якое пакінула без разгляду дакументы аб рэгістрацыі новага недзяржаўнага выдання «Наш дом». Міністэрства спасылалася на тое, што ў паперах няма пацвярджэння 5-гадовага стажу будучага рэдактара выдання Вадзіма Баршчэўскага. ПУГП «Витебский корунд», са свайго боку, даводзіць, што міністэрства мусіла альбо зарэгістраваць СМІ, альбо афіцыйна адмовіць у рэгістрацыі, а не вяртаць дакументы.
Адрас Вышэйшага гаспадарчага суда — г. Мінск, вул. Валадарскага, 8, каб. № 218. Пачатак у 10.00.