viasna on patreon

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні. У беларускіх турмах утрымліваецца 38 людзей Слова

2024 2024-11-15T15:44:50+0300 2024-11-16T12:56:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2024_11_15_mizhnarodny-dzen-pismennika-u-njavoli_vokladka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў няволі. У 1981 годзе гэты дзень быў абвешчаны Міжнародным ПЭН-клубам у падтрымку пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб прыцягнуць увагу да несправядлівага зняволення пісьменнікаў і пісьменніц у розных краінах. Паводле падлікаў Беларускага ПЭНа, цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца як мінімум 38 людзей Слова. Агулам яны асуджаныя да 238 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі.

Узгадваем літаратараў, якія ўтрымліваюцца ў турмах за адкрытае выказванне свайго меркавання і грамадска-палітычнай пазіцыі.

Беларускія пісьменнікі заўсёды займалі актыўную грамадска-палітычную пазіцыю падчас важных гістарычных падзеяў нашай краіны. Ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча  і Францішка Багушэвіча ў 19 стагоддзі да Якуба Коласа і Францішка Аляхновіча ў 20 стагоддзі. У адказ на жорсткі і бесчалавечны гвалт з боку сілавікоў пасля несумленных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года шматлікія пісьменнікі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, а таксама публічна выказвалі нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Некаторыя беларусы пачалі сваю літаратурную дзейнасць толькі ў зняволенні, апісваючы жахлівыя ўмовы ўтрымання, парушэння правоў вязняў і турэмны побыт. Так узнік корпус так званай турэмнай літаратуры. А ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам сумесна з “Радыё Свабода” была заснаваная літаратурная прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

Беларускі ПЭН сістэмна займаецца маніторынгам парушэння культурных правоў і збірае інфармацыю ў тым ліку пра пераслед людзей Слова.

На сённяшні дзень за кратамі знаходзіцца 38 людзей Слова: 10 жанчын і 28 мужчын. Агулам яны асуджаныя на 238 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі. Пісьменнікаў судзілі паводле распаўсюджаных палітычных крымінальных артыкулаў: за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342), "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (арт. 361), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4), "здраду дзяржаве" (арт. 356), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130) і іншыя.

Самы вялікі тэрмін для пісьменніка. 20 гадоў турмы Ігару Аліневічу

ihar-alinevicz_.jpg
Ігар Аліневіч

Самы вялікі тэрмін сярод людзей Слова прызначылі аўтару кнігі турэмнай прозы “Еду ў Магадан” палітзняволенаму Ігару Аліневічу20 гадоў турмы ва ўмовах строгага рэжыму. Ігар – актывіст анархісцкага руху, быў затрыманы восенню 2020 года пры пераходзе беларуска-украінскай мяжы. Яго разам з іншымі анархістамі абвінавацілі ў падпале міліцэйскага аўтамабіля і будынку ДАІ. Актывіста асудзілі зімою 2021 года паводле ч. 2 арт. 289 (Акт тэрарызму), ч. 2 і 4 арт. 295 (незаконны дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 1 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў) Крымінальнага кодэксу.

Кнігу-дзённік "Еду ў Магадан" Ігар напісаў у 2013 годзе, калі адбываў папярэдні тэрмін па "справе анарістаў".  У тым жа годзе Ігар стаў першым лаўрэатам прэміі імя Аляхновіча і атрымаў галоўную ўзнагароду за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

Сям’я людзей Слова за кратамі

kacjaryna-andreeva_ihar-iljasz_.jpg
Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільяш

Сямейная пара Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільяш – аўтары кнігі 2020 года "Беларускі Данбас", у якой аналізуецца ўдзел беларусаў і беларускіх уладаў у вайне ва Украіне як на баку Украіны, так і на расійскім.

Кацярыну затрымалі ў 2020 годзе падчас вядзення стрыму для тэлеканалу "Белсат" з Плошчы Перамен у Мінску, калі сілавікі ладзілі зачыстку мерарыялу ў памяць аб забітым Рамане Бандарэнка. Зімою 2021 года Кацярыну асудзілі па "народным" артыкуле на два гады калоніі. А ўжо вясною 2022 года стала вядома, што журналістцы прад’явілі новае абвінавачванне паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса і прызначылі восем гадоў і тры месяцы калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 года. У “пакаяльным” відэа ён казаў, што нібы даваў інтэрв’ю медыям, якія беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Цяпер ён утрымліваецца пад вартай.

Літаратуразнаўца, аўтар кніг і былы дырэктар музея Багдановіча

ales-bjaljacki_.png
Алесь Бяляцкі

Старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі вядомы яшчэ і як даследчык літаратуры, у 90-х – дырэктар літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча. Таксама Алесь – аўтар шэрагу кніг, частка з якіх была напісаная ў няволі. За кнігу "Іртутнае срэбра жыцця", выдадзеную ў 2014 годзе ён быў узнагароджаны прэміяй імя Аляхновіча.

Летам 2021 года Алеся Бяляцкага разам з паплечнікамі затрымалі  ў межах крымінальнай справы за іх легальную праваабарончую дзейнасць.

У сакавіку 2023 года Алесю Бяляцкаму прызначылі дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 342 (фінансаванне дзейнасці, што груба парушае грамадскі парадак) і арт. 228 (Кантрабанда) Крымінальнага кодэкса.

Доктар гуманітарных навук, якога абвінавацілі ў спробе дзяржперавароту

aljaksandr-fjaduta_.jpg
Аляксандр Фядута

Палітолага і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту затрымалі разам іншымі асобамі ў Маскве ў 2021 годзе ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). На судзе Аляксандр прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі. У выніку восенню 2022 года Фядуту асудзілі на дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Аўтар шэрагу кніг, а таксама палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі.

Рэпрэсаваны аўтар тэкстаў песень

dzmitryi-halavacz_.png
Дзмітрый Галавач

За публічную праяву сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі за краты патрапіў аўтар тэкстаў песень Дзмітрый Галавач з рагачоўскага гурта "Torband".

Дзмітрыя затырмалі ў кастрычніку 2022 года разам з іншымі дваімі ўдзельнікамі гурта. Спачатку Дзмітрыю некалькі разоў запар прызначалі адміністрацыйны арышт, пасля чаго завялі крымінальную справу паводле чатырох крымінальных артыкулаў: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Падчас знаходжання музыкаў у няволі гурт "Torband" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а песню "Родная зямля" – "экстрэмісцкай". Восенню 2023 года Дзмітрыя Галавача асудзілі на дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адвакат, паэт і аўтар турэмнай прозы ў рэжыме інкамунікада

maksim-znak_.png
Максім Знак

Адваката, сябра Каардынацыйна рады і вядомага юрыста Максіма Знака затрымалі ў верасні 2020 года, пасля ператрусу ў кватэры даставілі ў Следчы камітэт на допыт. Максім Знак займаўся юрыдычным напрамкам у штабе палітыка Віктара Бабарыкі. Супраць адваката завялі крымінальную справу па шэрагу арыткулаў, у тым ліку аго абвінавачвалі ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК).

Максіма Знака асудзілі ў верасні 2021 года паводле трох крымінальных арыткулаў: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Максім утрымліваецца ў няволі ў рэжыме інкамунікада.

Максім Знак – аўтра кнігі турэмных апавяданняў "Зэкамерон", якую ён напісаў у зняволенні. Таксама ён піша аўтарскія песні, раней удзеьнічаў у песенным фестывалі "Бардаўская восень".

Рэдактарка беларускага "Карлсана" і моўная кансультантка

nastassja-macjasz_.png
Анастасія Мацяш

Журналістку і філалагіню Анастасію Мацяш затрымалі восенню 2023 года. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Згодна з матэрыяламі следства, Анастасія з’яўлялался моўнай кансультанткай у тэлеканале "Белсат", якія беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".

У красавіку 2024 года Анастасію асудзілі паводле ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) Крымінальнага кодэкса на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Анастасія Мацяш – філолаг, рэдактарка перакладу кнігі Астрыд Ліндгрэн "Малы і Карлсан, які жыве на даху".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства